Праз два месяцы - па слядах стыхіі

17 сентября 2016

У Мінскай вобласці працягваюць падлічваць урон ад стыхіі, якая прайшлася гэтым летам. Менш як за паўтара тыдня будаўнічыя брыгады бясплатна адрамантавалі дахі пацярпелых дамоў, а неабходныя для гэтага матэрыялы выдалі райвыканкамы. Выплаты пацярпелым ажыццявілі і страхавыя кампаніі.

Праз два месяцы па слядах стыхіі прайшоўся Ян Пашкевіч. Непашкоджанымі засталіся толькі 4 дамы з 60. Менавіта на жыхароў вёскі Кулішоўка стыхія абрушыла свой, мабыць, самы моцны удар. Сёння можна бачыць, што новы дах ёсць амаль у кожнага трэцяга будынка.

Поўную перапланіроўку дома Валянціны Семіжон ураган зрабіў літаральна за 10 хвілін. Некалі трохпавярховы будынак паменшыўся амаль напалову. Ветрам зрэзала дах, трэці паверх і дзве сцяны другога. Аднаўляць жыллё гаспадыні дапамагалі не толькі будаўнікі, але і суседзі.

Таксама віхор па дошках і цаглінах разабраў гараж Валянціны - цудам стыхія абмінула толькі гняздо буслоў. Птушыны прытулак у вёсцы стаў ахоўным талісманам. Гараж нават яшчэ не пачалі рамантаваць, чакалі, пакуль буслы адляцяць у вырай.

Паводле слоў жыхароў, у паветры ляталі шыфер і бярвенні, якія літаральна пераўтвараліся ў баявыя снарады. Вось тут на сцяне можна добра бачыць сляды, якія пакінула стыхія. А вось тут вецер з такой сілай кінуў у зямлю цагліны, што на месцы падзення з'явілася варонка, а дастаць блок дагэтуль не атрымліваецца.

У Смалявіцкім раёне сілу ўрагану адчулі на сябе звыш 700 дамоў. Будаўнічыя брыгады бясплатна пераклалі дахі будынкаў і ўзвялі франтоны.

Шыфер, руберойд, цвікі і дошкі – такім наборам экстраннай будаўнічай дапамогі забяспечыў мясцовы райвыканкам.

Дом Юрыя Галеца на ўскрайку Дзяржынска пацярпеў не менш за астатнія. З будынка сарвала дах, франтоны склаліся, як даміно, апошні паверх затапіла, сцены пакрыліся цвіллю. Сёння дом цалкам адноўлены знешне – засталося толькі завяршыць касметычны рамонт пакояў. Усе расходы гаспадару пакрыў поліс добраахвотнага страхавання.

Страхавыя выплаты атрымалі гаспадары ўсіх пацярпелых дамоў. Пры наяўнасці абавязковай страхоўкі пакрылі палову ад прычыненага ўрону, пры добраахвотнай – усе 100. На аднаўленне будынкаў жыхары вобласці атрымалі мільён 200 тысяч рублёў.

Знішчыла стыхія і 11 тысяч гектараў лясоў. Найбольшую колькасць дрэў "скасіла" ў Смалявіцкім раёне, а таксама ў Чэрвеньскім і Мінскім. Дапамагаюць разбіраць буралом усе лясніцтвы. Трэба апрацаваць 3 мільёны кубаметраў драўніны.

Ужо сёлета трэць лясоў адновяць. Хутка пачнецца высадка маладых іглічных дрэў. А да канца вясны ўсе 11 гектараў зноў зазелянеюць.