Вакзал у Брэсце сёлета прызнаны лепшым у краіне

26 августа 2017

Каля трохсот тысяч чалавек за месяц! Пасажырапаток праз станцыю "Брэст-Цэнтральны" фактычна роўны колькасці жыхароў горада. А вакзал сёлета прызнаны лепшым у краіне. Будынак вакзала з’яўляецца архітэктурным помнікам, выкананым у стылі "сталінскі ампір". Пра мінулае і сучаснае - рэпартаж Вікторыі Патоні.

Брэсцкі вакзал – візітная картка горада. Менавіта сюды прыбываюць цягнікі з Заходняй Еўропы, тут пачынаецца знаёмства з нашай краінай. Гэта месца сустрэч, расстанняў і няспыннага руху. За суткі вакзал прымае больш за 10 тысяч чалавек.

Асаблівасць вакзала "Брэст-Цэнтральны" і ў тым, што ён ўмоўна падзелены на два бакі. На маскоўскі, гэта ўсходні напрамак, прыбываюць цягнікі з шырокай каляінай. З варшаўскага "пераабутыя" саставы адпраўляюцца ў Заходнюю Еўропу. І трапіць сюды можна толькі пасля пагранічнага кантролю.

Якім будынак быў – сведчаць вось гэтыя фотаздымкі ў музейным пакоі. Вакзалу, паводле архіўных дакументаў, 131 год. Ён быў значна разбураны падчас Першай сусветнай вайны. Пасля Вялікай Айчыннай перабудаваны ў стылі савецкага ампіру. Апошняя рэканструкцыя адбылася тры гады таму.

Абноўленымі паўсталі зала чакання, памяшканні для віп-гасцей, зала мытнага кантролю, рэстаран, касы. З’явіліся падземныя пераходы. А пакоі адпачынку (гэта каля 40 нумароў) складаюць канкурэнцыю гасцініцам горада. Тут нярэдка спыняюцца турысты з блізкага і далёкага замежжа.

Яшчэ адна асаблівасць станцыі – пагранічны кантроль. Адсюль павышаныя меры бяспекі. Пасажырапаток за месяц праз станцыю "Брэст-Цэнтральны" фактычна роўны колькасці жыхароў горада. Праз Брэст курсіруюць цягнікі і ў такія далёкія месцы, як Берлін, Парыж, Навасібірск.

Станцыя ў Брэсце – не проста транспартны вузел, а і сапраўдны турыстычны аб’ект.

Плануецца, што праз два гады ў Брэсце побач з чыгуначным з’явіцца аўтавакзал. Будуць зроблены пераходы-звязкі, каб пасажырам было больш зручна перамяшчацца з багажом.