Брэст рыхтуецца да свайго тысячагоддзя

4 февраля 2017

Да знакавай падзеі - два гады. На галоўнай плошчы горада высадзяць новыя дрэвы, рэканструкцыя чакае фантан на пешаходнай вуліцы, з'явіцца інфармацыйны цэнтр для турыстаў. Вашай увазе - агляд найбольш цікавых падзей брэсцкага рэгіёна ад Вікторыі Патоні.

Экалагічныя сцежкі, кемпінг, атракцыёны, спартыўныя пляцоўкі і чысціня. Студэнты кафедры ландшафтнага праектавання Палескага дзяржуніверсітэта прапанавалі сваё бачанне афармлення лесапарку ў Пінску плошчай амаль 40 гектараў. У конкурсе ўдзельнічалі пяць экапраектаў. Адным з галоўных і самых складаных патрабаванняў было захаваць максімальную колькасць дрэў.

А ў Брэсце на абмеркаванне гараджан вынесена пытанне новага аблічча галоўнай плошчы. Больш за 20 старых блакітных елак прапануюць замяніць маладымі з кадак. Да тысячагоддзя горада падрыхтаваны і праект рэканструкцыі фантана на пешаходнай вуліцы Савецкай. Паводле задумы, гэта будзе комплекс з падсвятленнем і акцэнтам на гісторыю горада. З'явіцца і інфармацыйны цэнтр для турыстаў. А ў садзе скульптур "ажывуць" старажытныя будынкі.

Марознае надвор’е не пужае аматараў так званага маржавання. Сцюдзёная вада для іх - як эліксір маладосці. Падчас акунання мужчыны паспяваюць згуляць у шашкі, а жанчыны пазаймацца фітнесам на снезе. Сёння ў клуб брэсцкіх “маржоў” уваходзяць амаль паўсотні чалавек. І тут плануюць развіваць спартыўны ўхіл.

Дарэчы, зімовае плаванне ўключана ў рэестр афіцыйных відаў спорту ў нашай краіне і становіцца ўсё больш папулярным.