Археолагам дапамагаюць дзікія жывёлы

2 апреля 2016

У Белавежскай пушчы на ўскрайку вёскі Вілы, дзе размяшчаецца археалагічны аб’ект, ліса раскапала фрагменты керамікі, якой больш як 5 тысяч гадоў і астанкі чалавека.

Незвычайнымі знаходкамі зацікавілася і наш карэспандэнт Людміла Салдзіна. Ва ўзросце гэтых чарапкоў Руслан Кніга, навуковы супрацоўнік Нацыянальнага парка “Белавежская пушча”, не сумняваецца. Рэшткі керамікі ідэнтычныя тым, якія былі знойдзены археолагамі некалькі гадоў таму за 2 метры ад цяперашняй лісінай нары.

Вось на гэтым месцы знаходзілася старажытнае паселішча. У 2007 годзе археолагі правялі тут раскопкі. Былі знойдзены тысячы артэфактаў, пачынаючы з 5 тысячагоддзя да нашай эры і да Сярэднявечча. У асноўным фрагменты ганчарства.

Археалагічны аб’ект, здавалася, даследаваны поўнасцю. Але праз 9 гадоў новыя артэфакты вучоным дамагла знайсці звычайная ліса.

Знаходкі ўжо адправілі на экспертызу. Паводле папярэдніх меркаванняў экспертаў, у лісінай нары знаходзіліся астанкі двух чалавек. Прыкладны узрост іх пахавання – ад 100 да 300 гадоў. У вучоных з’явілася важкая падстава для новых здагадак.

Белавежская пушча рыхтуе яшчэ нямала адкрыццяў. Археолагі тут працуюць кожны год. У мінулае лета вялікія даследаванні вяліся на месцы будучага археалагічнага скансена – музея пад адкрытым небам. Ужо завершаны работы над стварэннем яго архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі, аб'яўлены тэндар на выкананне будаўнічага праекта, пасля чаго пачнецца непасрэдна само будаўніцтва. На тэрыторыі 14 гектараў з'явяцца 7 стаянак, якія ахопяць перыяды ад каменнага веку да Сярэднявечча.

Такім чынам у Белавежскай пушчы будуць захоўваць багатую гісторыка-культурную спадчыну і актыўна развіваць як мясцовы, так і ўязны турызм. За мінулы год нацыянальны парк наведалі амаль 380 тысяч турыстаў.