Ансамбль "Медуніца" стаў уладальнікам гранта Прэзідэнта Беларусі

18 марта 2017

Ім апладзіравалі Італія, Францыя, Кітай. А іх выступленні - сапраўдны брэнд і візітная картка нашай краіны. Магілёўскі ансамбль песні і танца "Медуніца" стаў уладальнікам гранта Прэзідэнта Беларусі ў галіне культуры. Пра новыя канцэртныя праграмы, гастролі і любоў да гледача - эксклюзіўна ў нашай праграме.

Ансамбль "Медуніца" - калектыў з назвай беларускага першацвету, які прайшоў 30-гадовы шлях ад аматарскага да прафесійнага, філарманічнага. Яго ўдзельнікі - не звычайныя артысты, яны - захавальнікі традыцый продкаў.

Сёння ў складзе "Медуніцы" - больш за 20 салістаў, музыкантаў, якія стаялі ля вытокаў ансамбля, выраслі ў ім. І ўсіх аб’яднала любоў да беларускай песні.

Артысты ансамбля часта ездзяць у творчыя экспедыцыі па вобласці ад Асіповіцкага да Хоцімскага раёнаў. Рэпертуар складае амаль 300 песень. Многія з іх сталі любімымі дзякуючы менавіта “Медуніцы”.

З гастролямі "Медуніца" аб’ездзіла паўсвету. На свята Купалле на фоне Эйфелевай вежы разам з парыжанкамі кідалі вянкі ў Сену. У Шанхаі і Мілане на эканамічных форумах беларуская пляцоўка была самай папулярнай. Захаванне нацыянальных традыцый, а яшчэ сусветнае прызнанне не засталіся незаўважанымі. Сёлета ансамбль песні і танца "Медуніца" атрымаў грант Прэзідэнта.

Калектыў на працягу года будзе атрымліваць фінансавую падтрымку. А напрыканцы парадуе аматараў беларускай песні і танца новай канцэртнай праграмай, якую абавязкова ўбачаць і пачуюць на радзіме і далёка за яе межамі.