50 гадоў на сцэне. Народны ансамбль "Праліца" з Гродна адзначае паўвекавы юбілей

4 мая 2019

Славуты калектыў, заснаваны у 1969 годзе, да гэтага часу з’яўляецца эталонам традыцыйнай беларускай народнай харэаграфіі. Якую, дарэчы, ён паказвае на гастролях па ўсёй Еўропе. У аснове рэпертуару ў першую чаргу - танцы Гродзенскага рэгіёна, ёсць таксама і абрадавыя кампазіцыі. Юрый Карняловіч таксама павіншаваў юбіляраў.

Колькі гродзенскай моладзі вучылася народнаму танцу ў калектыве "Праліца", сёння ніхто не бярэцца падлічыць. За 50 гадоў склад ансамбля поўнасцю змяняўся больш за 20 разоў. Многія яго ўдзельнікі, атрымаўшы выдатную харэаграфічную адукацыю, танцуюць у вядомых беларускіх калектывах, іншыя самі сталі педагогамі. Ім на змену прыходзяць новыя маладыя людзі, бо "Праліца" - гэта заўсёды новы позірк на народныя танцы.

Гісторыя калектыву пачалася ў 1969 годзе. Тады гэта быў самадзейны ансамбль аднаго з прадпрыемстваў горада. Сваё ўзыходжанне на танцавальны алімп "Праліца" пачала з прыходам новага кіраўніка - выпускніцы Ленінградскага інстытута культуры Ніны Залеўскай. Менавіта гэтая жанчына самастойна паставіла на сцэне больш за 300 танцавальных кампазіцый.

Ніна Залеўская для ўдзельнікаў калектыву, больш чым кіраўнік. Яна другая маці. Жанчыне дастаткова толькі глянуць на артыстаў падчас рэпетыцыі - і кожны разумее свае памылкі.

Традыцыі беларускай харэаграфіі, нацыянальны каларыт і майстэрства выканання. А яшчэ, вялікае жаданне ўдзельнікаў ансамбля прапагандаваць народны танец. Менавіта з гэтага складаецца папулярнасць ансамбля на працягу вось ужо пяцідзесяці гадоў.

 Сёння калектыў "Праліца", гэта два дзесяткі апантаных народнымі танцамі людзей. Увесь свой вольны час  яны трацяць на рэпетыцыі. Пры гэтым, многія з удзельнікаў маюць далёкія ад творчасці прафесіі.

Напрыклад, Андрэй Градоўскі ў калектыве больш за 10 гадоў. Прыйшоў сюды яшчэ навучэнцам каледжа мастацтваў. Затым некалькі разоў мяняў працу, аднак з танцамі расстацца так і не змог.

Танцавальны калектыў "Праліца" - гэта візітная картка Прынёманскага краю. Гастрольны графік ансамбля распісаны на некалькі месяцаў наперад. Прычым не толькі па Беларусі. Літва, Эстонія, Швецыя, Германія, Румынія - гэта далёка не ўвесь спіс краін, дзе апладзіравалі гродзенскім танцорам. А, улічваючы, што сёлета ў артыстаў юбілейны год, паклоннікам народнага танца можна чакаць абсалютна новых харэаграфічных нумароў і пастановак.