2018-ы па ўсходнім календары - год Жоўтага Сабакі

30 декабря 2017

Астролагі запэўніваюць: гэта будзе спрыяльны час для вырашэння праблем як у прафесійным плане, так і ў прыватным жыцці. Бо сабака - сябар чалавека. Каб даведацца пра характар сабак розных парод і навучыцца іх разумець, Вольга Маслоўская адправілася на майстар-клас па дрэсіроўцы ў кіналагічны цэнтр пагранічнай службы ў Смаргоні.

Хто першым сустракае Новы год і Дзеда Мароза на граніцы? Не, не пагранічнікі. А іх верныя сябры - службовыя сабакі. Вядома, сабака ўлоўлівае пахі на адлегласці ў кіламетр. Таму пра мяшок з падарункамі ведае раней, чым вартавыя. Службу на беларускай граніцы нясуць больш за 700 чатырохногіх. Падрыхтоўку праходзяць тут - у кіналагічным цэнтры органаў пагранічнай службы, што ў Смаргоні.

Кінолагі жартуюць: у нас свой усходні каляндар, у ім кожны год - год сабакі. У акадэміі для чатырохногіх навучаюцца лабрадоры, нямецкія і бельгійскія аўчаркі. Дрэсіроўка пачынаецца ў двухмесячным узросце. Дагэтуль - толькі гульня, але з элементамі вучобы.

Для кожнага тэмпераменту свая служба. Спакойнаму і ўраўнаважанаму сабаку больш падыходзіць вышуковая праца. Халерык дасць фору падчас затрымання парушальнікаў.

Лабрадор Буч нават не здагадваецца пра сваё спецыяльнае прызначэнне - змагацца супраць незаконнага абароту наркотыкаў. Але беспамылкова знаходзіць тайнік з зеллем. За гэта - пахвала і ласунак ад гаспадара.

Для сабак, што нясуць пагранічную службу, іншы курс. Дарэчы, жывёлы служаць нароўні з пагранічнікамі. У іх, як і ў людзей, усе па раскладзе: працоўныя будні і выхадныя, строгі рацыён харчавання і рэжым дня. Нават медыцынскую камісію праходзяць.

Кіналагічны цэнтр у Смаргоні існуе больш за 20 гадоў. За гэты час тут падрыхтавалі тры з паловай тысячы спецыялістаў-кінолагаў і больш за дзве тысячы службовых сабак. У тым ліку для мытнікаў, ратавальнікаў і вартавых. Па дапамогу да беларускіх калег звярталіся пагранічныя службы Узбекістана, Азербайджана і Арменіі. Выхаванцы кіналагічнага цэнтра заўсёды на п'едэстале міжнародных спаборніцтваў.

У цэнтры займаюцца не толькі падрыхтоўкай сабак, але і іх развядзеннем. Штогод на свет з'яўляюцца каля сотні пародзістых шчанят. Каб не было блытаніны, мянушкі даюць па алфавіце. У кожнага года - свая літара. У 2016-м мянушкі пачыналіся з літары "Т". 2017-ы прайшоў пад літарай "У". Таму хутка на пагранзаставах з'явяцца Урал, Удача і Удар. У наступным годзе Жоўтага Сабакі - першай літарай усіх мянушак будзе "Ф". Магчыма, Фея, Фаварыт і Фартуна?