15-годдзе адзначае Віцебскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей

2 марта 2019

Ён адзін з самых маладых у вобласці і, бадай, крэатыўных. Музей шмат падарожнічае. Дзякуючы выязным экспазіцыям колькасць наведвальнікаў толькі летась склала 7,5 тысячы чалавек. У фондах больш за 16 тысяч экспанатаў, тады як у самым пачатку гэтая лічба была роўная нулю. Многія рэчы прэзентавалі жыхары і ўраджэнцы гэтых мясцін. Пра самыя цікавыя экспанаты рэпартаж Вольгі Маслоўскай.

"Чапаць забараняецца". Ні ў адной зале Віцебскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея вы не ўбачыце такога надпісу. Таму і любяць прыходзіць сюды школьнікі, што амаль любы экспанат можна патрымаць у руках ці прымерыць. Напрыклад, гэтую сапраўдную каску чырвонаармейца. Выглядае як новая - другое жыццё экспанату надалі ў музеі.

Тэма вайны - асабістая старонка і ў гісторыі Віцебскага раёна, і ў музейнай экспазіцыі. У год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў музейшчыкі надумалі выпусціць даведнік па мясцінах ратнай славы. На тэрыторыі раёна больш за сотню месцаў пахавання ахвяр Вялікай Айчыннай. Кожны год спіс прозвішчаў на мемарыялах павялічваецца, у тым ліку дзякуючы пошукавай рабоце.

Калектыў Віцебскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея невялікі - восем чалавек. Сяргей Марціновіч - галоўны захавальнік фондаў - прыйшоў сюды амаль шэсць гадоў таму пасля заканчэння ўніверсітэта. Вынік яго даследчай працы на стэндзе з фотаздымкамі кітайскіх калгаснікаў. У 1928 годзе выхадцы з Паднябеснай арганізавалі адну з першых калектыўных гаспадарак на тэрыторыі Віцебскага раёна.

У зале насупраць яшчэ адна пастаянная экспазіцыя. Толькі прысвечана яна аднаму чалавеку. Але якому! Фёдар Махноў - віцебскі велікан. Яго росту хапіла б на дваіх - 285 сантыметраў!

Гэта самы любімы для фатаграфавання экспанат музея. Вышыня макета адпавядае росту Фёдара Махнова. А яшчэ тут прапануюць не ўявіць, а на ўласныя вочы пабачыць, заручальны пярсцёнак якіх памераў насіў віцебскі велікан.

Дарэчы, макет зборны. Спецыяльна для таго, каб экспазіцыя магла падарожнічаць. Віцебскі раённы краязнаўчы штомесяц збіраецца ў дарогу па раёне. Дзякуючы гэтаму колькасць наведвальнікаў толькі летась склала 7,5 тысячы чалавек.