У Сетцы з'явілася інфармацыя аб заказах на беларусафобскія артыкулы для сайта агенцтва Regnum

18 декабря 2016

Рэзанансная справа распальвання міжнацыянальнай варожасці на тыдні абрасла новымі падрабязнасцямі. У Сетцы з'явілася інфармацыя аб заказах на беларусафобскія артыкулы для сайта агенцтва Regnum. У апублікаванай перапісцы з куратарамі размова ідзе аб падборы "правільных" аўтараў публікацый.

Фігуруюць прозвішчы затрыманых на мінулым тыдні  Паўлаўца і Шыпценкі. Акрамя таго, замежныя куратары прапісвалі аўтарам канкрэтныя тэмы для маніпуляцый грамадскай думкай. Агульны пасыл  быў у тым, каб дыскрэдытаваць унутры- і знешнепалітычны курс Беларусі.

Тэма беларусафобскай прапаганды выйшла за рамкі нашай медыйнай прасторы. На яе звярнулі ўвагу і вядучыя сусветныя СМІ. Гэтай тэме прысвечаны вялікі артыкул на сайце рускай службы Бі-Бі-Сі.

Арыштам трох блогераў, названых "адэптамі рускага міру", беларуская ўлада не толькі "паказала зубы Маскве", але і аб'яднала ў абароне права беларусаў "людзьмі звацца" найшырэйшыя пласты насельніцтва - ад абывацеляў да чыноўнікаў, ад апазіцыянераў да міліцыянераў. На інтэрнэт-форумах наконт гэтага  - рэдкая аднадушнасць.

Аднадушную рэакцыю беларускага грамадства зразумець лёгка. Мы -  народ, які прайшоў праз войны і ліхалецці, каб упершыню ў гісторыі атрымаць права жыць у свой незалежнай краіне. Атрымалі права і з годнасцю яго рэалізавалі. І тут нам гавораць, што Беларусь - гэта недадзяржава, што мова ў нас не сапраўдная, і нацыі такой, як беларусы, зусім не існуе. Знаёмы ў гісторыі ход думак.

Самыя страшныя злачынствы пачынаюцца з дэгуманізацыі. Спачатку аб'яўляецца нейкі народ дрэнным або няправільным. А затым такому народу наогул адмаўляюць у праве быць, не тое, што мець сваю дзяржаву. Каму, як беларусам, гэтага не ведаць. Гэта ў нас ужо ў генетычнай памяці. Таму міжнацыянальны мір, згода, павага да ўсяго народа ў Беларусі - гэта асаблівая каштоўнасць, вакол якой ёсць поўны грамадскі кансенсус і якая засцерагаецца ўсімі інстытутамі дзяржавы.