У новы пяцігадовы перыяд Беларусь увойдзе з новай грашовай адзінкай

15 ноября 2015

Навіна аб дэнамінацыі, а таксама ўсе плюсы і мінусы гэтага працэсу, прадаўжаюць абмяркоўваць фінансавыя аналітыкі, эксперты, ды і простыя грамадзяне. Цікавасць да новых грошай падагрэў на гэтым тыдні і Нацбанк краіны. Журналісты ўбачылі, як жа будуць выглядаць купюры і якім будзе звон першых беларускіх манет. Спецыялісты паказалі, і як праводзіць праверку сапраўднасці банкнот. Чаму новыя купюры называюць "энцыклапедыяй" краіны і колькі будуць важыць металічныя грошы - разбіралася Вераніка Бута.

Пакуль адны беларусы наракаюць на тое, што іх кашалькі стануць цяжэйшымі, а іншыя адшукваюць старыя скарбонкі, эксперты ацэньваюць з'яўленне новых грошай зусім з іншага боку. Калі ў абароце купюра знаходзіцца каля аднаго года, то даўгавечнасць надзейных манет павялічваецца ў дзясяткі разоў.

Пры гэтым сабекошт вырабу адной новай манеты і банкноты прыблізна аднолькавы - ад 1 да 4 еўрацэнтаў. З ліпеня наступнага года ў звароце будзе 600 млн старых грашовых знакаў, а для іх замены запатрабуецца 80 млн новых банкнот і 400 млн манет. Эканомія відавочная.

Адчаканілі першыя беларускія манеты Літва і Славакія - гэта адны з найстарэйшых манетных двароў у свеце. Іх грошы адрозніваюцца высокай ступенню абароны.

А новыя беларускія рублі надрукавалі ў Вялікабрытаніі. Кампанія De La Rue - адзін з найбуйнейшых вытворцаў каштоўных папер - выпускае банкноты для банкаў 150 краін свету. Сярод іх некалькі цэнтральных банкаў у Еўразоне, Еўрапейскі цэнтральны банк, банкі Шатландыі і Сінгапура.

Памеры грошай

Кожная новая беларуская банкнота адрозніваецца адна ад адной па даўжыні на 4 мм, але мае аднолькавую шырыню - 72 мм. Параўнаем, самая маленькая па намінале купюра - 5 рублёў - таксама стане і самай маленькай па памеры. А самая буйная - 500-рублёвая - адпаведна, самай вялікай.

Цяперашнія грошы, для параўнання, шырэйшыя на 2 мм і маюць аднолькавую даўжыню - 150 мм.

Дызайн распрацоўвалі скрупулёзна. На канцэпцыю будучых грошай пайшло прыкладна два-тры гады.

Новыя купюры - гэта своеасаблівая "энцыклапедыя" славутасцяў Беларусі, сярод іх адлюстраванні Нацыянальнай бібліятэкі, Мірскага і Нясвіжскага замкаў. Папоўняць калекцыю Спаса-Праабражэнская царква і Белая вежа. На 100-рублёвай банкноце і на манетах наміналам у 10, 20 і 50 капеек намаляваны элемент слуцкага пояса - дрэва з колерамі.

Асаблівая ўвага - пытанням бяспекі. Фальшываманетчыкам, згодна са словамі спецыялістаў, прыйдзецца папрацаваць. Новыя беларускія грошы будзе больш складана падрабіць.

Металічныя грошы абараняе сплаў: сталь пакрытая меддзю і нікелем, у асобных выпадках дабаўлена латунь. Што да банкнот, то ступені абароны мае і сама папера, і фарбы. Не гаворачы ўжо аб шасці бачных воку адзнаках.

Бачныя элементы абароны

Па-першае, вадзяны знак. Часцей за ўсё ён адпавядае сюжэту малюнка.

Далей - ахоўная металізаваная нітка, надрукаваная пункцірам. На прасвет гэта суцэльная цёмная паласа.

Фрагменты малюнка зверху (пад факсіміле) на аверсе і рэверсе на прасвет павінны дакладна сумясціцца ў адзінае цэлае і адпавядаць наміналу банкноты.

У левым ніжнім розе размешчаная тактыльная пазнака. Гэта геаметрычная фігура, аддрукаваная па спецыяльнай тэхніцы. Створаная для людзей са слабым зрокам.

Прысутнічаюць на купюрах схаваныя малюнкі - справа літары РБ, злева - можна разгледзець намінал банкноты.

І, нарэшце, лічбы на некаторых купюрах пакрытыя спецыяльнай фарбай, пры руху яе колер змяняецца.

Пры абмене старых грошай на новыя ў банках краіны праблем з сапраўднасцю купюр не паўстане. Нацбанк перасцерагае беларусаў ад ашуканцаў, якія прапануюць абнавіць грашовыя запасы ўжо зараз.

Марына Дзёміна, галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення наяўнага грашовага абароту Нацбанка: "Менавіта з 1 ліпеня яны становяцца законным плацежным сродкам. І толькі з гэтага часу банкі (Нацыянальны банк у тым ліку) будуць гэтыя грошы выпускаць у наяўны абарот для выкарыстання насельніцтвам. Да 1 ліпеня ніякіх варыянтаў (калі прапаноўваць будуць, маўляў, давайце я вам памяняю), нічога мяняць нельга".

Пакуль жа ў нас ёсць час, каб абнавіць кашалькі і партаманэт. Інакш, з ліпеня наступнага года няма дзе будзе захоўваць металічныя грошы. Дарэчы, у сярэднім, адна манета важыць ад паўтара да трох грамаў, вага самай цяжкай - двухрублёвай - да шасці.