У Каталоніі не сціхаюць акцыі пратэсту

24 сентября 2017

Іспанія на парозе крызісу. У Каталоніі не сціхаюць акцыі пратэсту супраць дзеянняў афіцыйнага Мадрыда. Паліцыя на гэтым тыдні затрымала 12 палітыкаў, якія займаліся падрыхтоўкай рэферэндуму аб незалежнасці аўтаномнай супольнасці - ён прызначаны на першае кастрычніка.

У Мадрыдзе, нагадаем, плебісцыт лічаць незаконным. На вуліцы Барселоны выйшлі сотні тысяч чалавек. Акцыі нярэдка перарасталі ў сутычкі з паліцыяй. Да прыхільнікаў рэферэндуму далучыўся спартыўны клуб "Барселона" і докеры мясцовага порта, якія адмаўляюцца абслугоўваць лайнер-казарму з іспанскімі паліцэйскімі на борце.

У канцы тыдня сітуацыя пагоршылася спробай цэнтра перавесці каталонскую паліцыю пад сваё падначаленне. У сацсетках пачалі з'яўляцца паведамленні пра тое, што Мадрыд накіроўвае ў рэгіён бранятэхніку. Мінабароны каралеўства аспрэчвае гэтую інфармацыю і пагражае судом людзям, якія яе распаўсюджваюць.