У лютым Раўбічы прымаюць юніёрскі чэмпіянат свету па біятлоне

8 февраля 2015

Біятлонная тэма ад Андрэя Іванова.

Зусім хутка Раўбічы прымуць юніёрскі чэмпіянат свету. Ці ўсё гатова? Ці ўбачым мы там новых Домрачавых?

Кожны спецыяліст, які працуе ў спорце, скажа: складальнікі поспеху - гэта масавасць і інфраструктура. Дык вось з ёй за апошнія гады ў Беларусі праблем якраз-такі ўсё менш. Мы зараз знаходзімся ў Раўбічах. І каб зразумець, як яны змяніліся, трэба абавязкова прыехаць сюды, тэлекарцінка не перадасць усіх адчуванняў. Новыя ўчасткі трасы, гасцініцы, вакс-кабіны, цір, стрэльбішча - нездарма спецыялісты параўноўваюць Раўбічы з лепшымі аналагічнымі збудаваннямі Германіі, Аўстрыі і Фінляндыі.

Але мала хто памятае, як усё пачыналася. Ідэя пабудаваць сучасны спарткомплекс, здольны прымаць розныя турніры, з'явілася напрыканцы 60-х. Спаборніцтвы праводзіліся тут і раней, толькі ўмоў не было нармальных. Гледзячы, напрыклад, як адбываўся працэс стральбы лежачы (укладваліся спартсмены прама на снег), разумееш, што значыць тэрмін "савецкая загартоўка".

А гэта ўжо сярэдзіна 70-х. Адзін з першых міжнародных турніраў. Раўбічы толькі-толькі ўвялі ў строй. Мяркуючы па каментарыях гасцей, усё зрабілі як мае быць.

Звярніце ўвагу на размяшчэнне кружкоў мішэні. Нязвыкла - першае слова, што прыходзіць у галаву. Дарэчы, страляць калісьці даводзілася з адлегласці 100 метраў. Зараз яна складае 50, змяненні адбыліся ў 1977 годзе.

Мішэні таксама зараз выглядаюць па-іншаму, хіба што дыяметр кожнай па-ранейшаму 115 міліметраў. Пры стральбе стоячы залічваецца трапленне ў любую зону кружка, пры стральбе лежачы - толькі ў цэнтральную зону дыяметрам 45 мм.

Да пачатку 90-х Раўбічы прынялі тры чэмпіянаты свету. Апошні, праўда, атрымаўся ўрэзаным, усяго дзве гонкі, перашкодзіла надвор'е.

Але час зрабіў сваю справу, комплекс састарэў маральна і патрабаваў рэканструкцыі. Яе правялі аператыўна. Вось так выглядалі Раўбічы летам 2014-га. А вось так выглядаюць у лютым 2015-га. Трэба было паспець да юніёрскага чэмпіянату свету і, мяркуючы па ўсім, паспелі.

Дарэчы, пра трасы. Іх у Раўбічах пяць. Усе яны гатовыя і могуць быць задзейнічаныя падчас турніру. Самая кароткая - паўтара кіламетра. Ёсць таксама працягласцю два, два з паловай, тры і тры кіламетры трыста метраў. Якія выкарыстаць для гонак - вырашае галоўны суддзя спаборніцтваў.

Дарэчы, на кожнай трасе свая рознасць вышынь, а значыць і ўзровень складанасці. Двухкіламетровая - уздым на гару і наступны спуск з яе. А вось так выглядае трохкіламетровая: 4 уздымы, 4 спускі - перапад вышынь 46 метраў.

Каб прачуць хуткасць і перапад вышынь, трэба выйсці на лыжню самому або скарыстацца снегаходам.

Галоўнае пытанне, ці хопіць снегу, ужо не стаіць. "Падушку" трасы сфарміравалі цалкам, застаўся ўчастак насупраць трыбуны. Зараз працуюць тры гарматы, якія за хвіліну вырабляюць машыну штучнага снегу. Затым грузавікі развозяць яго па трасе. Паралельна заканчваецца наладка асвятлення, даўкамплектоўваюцца вакс-кабіны.

Дарэчы, білеты на гонкі турніру, што пройдзе з 18 па 24 лютага, ужо паступілі ў продаж. Іх кошт складае ад 30 да 200 тысяч рублёў. З улікам настрою трэнерскага штаба прыехаць у Раўбічы ў гэтыя дні абавязаны кожны балельшчык.

Аляксандр Сыман, старшы трэнер юніёрскай зборнай Беларусі па біятлоне: "Вядома, дамашні чэмпіянат - гэта адказнасць, і хочацца выступіць годна тут. Тым больш комплекс абноўлены. Комплекс сусветнага ўзроўню, адзін з лепшых, напэўна. Даставіць радасць балельшчыкам, якія прыедуць сюды".

Дар'я Блашко, пераможніца юніёрскага чэмпіянату Беларусі па біятлоне: "Трэнеры і кіраўніцтва, вядома, чакаюць высокага выніку. Такім чынам і мы паспрабуем усё зрабіць, рыхтаваліся цэлы сезон, таму павінны добра выступіць. Добрая была падрыхтоўка, шмат збораў было, якасна правялі ўсю работу".

А наогул у гэтай федэрацыі людзі хочуць працаваць, таму што ведаюць: будучыня ў спорту ёсць. А з улікам створанай інфраструктуры і людзей, якія прадстаўляюць беларускі біятлон, думка пра тое што ўсе праблемы вырашальныя, зараз галоўная.

Аляксандр Сыман, старшы трэнер юніёрскай зборнай Беларусі па біятлоне: "Вядома, ёсць перспектывы, ёсць юнакі і дзяўчаты, якія могуць выступаць. Бо яны не адрозніваюцца нічым ад тых хлопцаў, якія жывуць у Расіі, у Германіі і г. д. Будзем працаваць, будзем рабіць вынік, адраджаць гэтую каманду так, каб беларускі біятлон працягваў гучаць на сусветнай арэне".