Украіна. Тры гады рэформ

28 мая 2017

МВФ выставіў Украіне новыя ўмовы для працягу крэдытнай праграмы. Каб атрымаць наступны транш у мільярд і 800 мільёнаў долараў, Кіеў павінен правесці шэраг рэформ. У тым ліку - павялічыць пенсійны ўзрост, зняць мараторый на продаж сельгасугоддзяў, актывізаваць працэс прыватызацыі і прадэманстраваць рэальныя вынікі на антыкарупцыйнай ніве. Апошні транш фінансавай дапамогі быў дадзены Украіне ў красавіку. А ў пачатку мая агенцтва Fitch пацвердзіла крэдытны рэйтынг краіны на ўзроўні "В-мінус", што азначае высокую ступень спекулятыўнасці пазыковых абавязацельстваў

Эксперты гавораць, што міжнародная падтрымка дапаможа ўраду ўтрымаць ад падзення грыўню і пазбегнуць сацыяльнага ўзрыву. За апошнія тры гады даходы ўкраінцаў рэзка скараціліся. А плацяжы, у тым ліку на камуналку, выраслі. Галоўны паказчык эканамічнай заможнасці - ВУП Украіны - упаў ў параўнанні з 2014-м - удвая. Затое ў два разы вырас знешні доўг. Прыкладна на трэць - цэны на газ, ваду, электрычнасць. Такую статыстыку публікуе расійская "Камсамолка". Сярэдні памер жыроўкі за невялікую "трошку" дасягае 130 долараў у эквіваленце. Гэта тры сярэднія пенсіі. Заспакойлівыя, а гэта, пагодзьцеся, даволі хадавы тавар у такі няпросты час - і тыя падаражалі на 70%!

Але гэта ўсё дробязі. Мінулы чацвер, напэўна, увойдзе ў гісторыю сучаснай Украіны як дзень, калі ў краіны з'явіўся свой нацыянальны від спорту. Ім, па распараджэнні дэпутатаў Вярхоўнай рады, стаў "баявы гапак" - адзінаборства, створанае на заходзе Савецкага Саюза на Львоўшчыне. Галоўныя фішкі баявога гапака - так званае разножжа або шпагат у скачку і касцюмы байцоў - вышыванкі - і чарвоныя шаравары. Вось толькі ці да танцаў украінцам у гэткі няпросты час.