Сочынская сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна

7 февраля 2016

Двухбаковыя адносіны Беларусі і Расіі, рэгіянальнае супрацоўніцтва і пытанні інтэграцыйнага парадку дня. Гэтыя тэмы на тыдні сталі цэнтральнымі падчас сочынскай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

Палітыкі ўмовіліся ўмацоўваць узаемадзеянне ва ўсіх кірунках двухбаковага супрацоўніцтва, абмеркавалі пытанні міжнароднага парадку дня і рэгіянальнай бяспекі. Лідары дзвюх краін дамовіліся аб'ядноўваць высілкі ва ўмовах сучасных выклікаў. На ўсе гэтыя тэмы кіраўнікі дзяржаў гутарылі некалькі гадзін за зачыненымі дзвярамі.

Дарэчы, у 2015 годзе прэзідэнты Беларусі і Расіі сустракаліся дзясятак разоў як сам-насам, так і на пляцоўках розных самітаў. Рэкордным у гэтым плане стаў 2014: 11 сустрэч і 20 тэлефонных гутарак. Зрэшты, такія частыя зносіны палітыкаў - гэта своеасаблівая зверка гадзіннікаў у цяперашні няпросты эканамічны час.

У найбліжэйшай будучыні Мінск і Маскву чакае шэраг буйных падзей. Гэта пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета, якое адбудзецца ў канцы лютага ў беларускай сталіцы. А ў чэрвені Мінск прыме форум рэгіёнаў дзвюх краін. Ён адбудзецца трэці раз.

Нагадаем, папярэдні беларуска-расійскі міжрэгіянальны форум праходзіў у Сочы ў верасні мінулага года. І калі Дзяржсавет закліканы стаць пляцоўкай для абмеркавання палітычных і макраэканамічных пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, форум дапаможа ўмацаваць старыя і наладзіць новыя бізнес-кантакты. Дарэчы, за мінулы год Аляксандр Лукашэнка асабіста правёў перамовы з губернатарамі і кіраўнікамі 12 расійскіх рэгіёнаў.