Прэзідэнт: Прысуджэнне дзяржузнагарод за навуковыя работы не павінна насіць фармальнага характару

5 марта 2017

На тыдні Прэзідэнт азнаёміўся з работамі, якія былі вылучаныя на суісканне дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі па выніках 2016 года. Яна прысуджаецца раз на два гады. Усяго на атрыманне прэміі было пададзена 12 праектаў. Кожны заслугоўвае ўвагі, таму Аляксандр Лукашэнка дэталёва вывучыў усе работы і адзначыў, што прысуджэнне дзяржаўных узнагарод за навуковыя работы не павінна насіць фармальнага характару. Усё павінна быць аб'ектыўна. Высокае прызнанне павінны атрымліваць самыя таленавітыя распрацоўкі.

Па выніках 2016 былі пададзеныя навінкі ў сферы трансплантацыі органаў, прамысловасці, машынабудавання, сельскай гаспадаркі, нафтаздабычы, будаўніцтва, тэхналогій і гісторыі. Па сутнасці, лепшыя інавацыйныя дасягненні, якія дазваляюць краіне паспяхова развівацца ў розных сферах. Ёсць чым ганарыцца. Прэзідэнт настойвае на максімальна справядлівым падыходзе пры вывучэнні напрацовак прэтэндэнтаў і адборы пераможцаў.

Адзін з праектаў прапанаваны экспертамі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Яны вывучалі вытокі беларускай дзяржаўнасці. Погляд распрацоўшчыкаў канцэпцыі можа быць неўзабаве зафіксаваны ў падручніках.

У спісе суіскальнікаў дзяржпрэмій і калектыў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак. Прэзідэнт азнаёміўся з працай медыцынскага комплексу і пагутарыў з тымі, хто перанёс перасадку і дзякуючы спецыялістам цэнтра атрымаў другі шанц на жыццё. Пра тое, што транспланталогіі ў Беларусі быць, прыняў рашэнне менавіта Кіраўнік дзяржавы, нягледзячы на тое што і дорага, і складана. І такая падтрымка дала плён. У выніку за дзесяцігоддзе колькасць падобных аперацый вырасла. Калі ў 2005 годзе рабілі 8 трансплантацый за год, то сёння - паўтысячы. А гэта ж не проста аперацыі і не проста лічбы, а лёсы людзей!

Сфарміравалася навуковая школа ў гэтай няпростай сферы медыцыны. Спецыялісты цэнтра ўвесь час укараняюць інавацыйныя тэхналогіі, якія дапамагаюць ратаваць не толькі дарослых, але і дзяцей. Вяртаюць пацыентаў да паўнавартаснага жыцця. У колькасці трансплантацый Беларусь займае першыя пазіцыі сярод краін СНД. Дасягненні ўрачоў у гэтай галіне дазволілі зарабіць на экспарце гэтых медыцынскіх паслуг.