Першы маштабны прэс-тур у беларуска-кітайскай гісторыі

7 мая 2017

На гэтым тыдні на сябе можна было зірнуць з боку вачамі жыхароў дзяржавы, пра якую ў нас прынята гаварыць "стратэгічны партнёр". Калі ўлічыць, што гаворка ідзе пра журналістаў, то можна адважна памнажаць колькасць прыкаваных да Беларусі вачэй на тысячы, калі не на мільёны. Цэлы тыдзень па нашых рэгіёнах, заводах, гаспадарках і парках ездзілі кітайскія рэпарцёры. Шматлікі медыядэсант, падаецца, здолеў ахапіць усё. Пабывалі нават на асабістай сустрэчы з Прэзідэнтам Лукашэнкам. Уражанні добрыя.

Зрэшты, наўрад ці гэта было знаёмства з краінай. Мінск і Пекін партнёры даўнія. Летась гэты статус перамясцілі яшчэ на некалькі ўзроўняў вышэй. 2017 наогул у вачах абодвух бакоў павінен стаць пераломным. Сумесна мы рэалізуем дзясяткі праектаў на мільярды долараў. Ужо ў гэтым месяцы адбудзецца дзясяты візіт беларускага лідара ў Кітай. У праграме - удзел у прадстаўнічым саміце "Адзін пояс - адзін шлях", а таксама перамовы з калегам і сябрам - старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.

Дык што ж спрабавалі ўбачыць падчас гэтага візіту кітайскія рэпарцёры? Лічбы ў адкрытым доступе, кантакты рэгулярныя, агульныя інтарэсы шырокія. Вось дазволю сабе выказаць здагадку. Яны спрабавалі адчуць дух адносін вялізнага Кітая і кампактнай з пункта погляду тэрыторыі і індустрыяльнай шчыльнасці Беларусі. Наш карэспандэнт Аляксей Адашкін правёў з кітайскімі калегамі некалькі дзён, каб ацаніць маштаб і зноў жа дух партнёрства Мінска і Пекіна.

Беларуская гасціннасць і ветлівасць. Гэта першае, пра што ўжо напісалі ў сваіх рэпартажах кітайскія журналісты пасля тыдня ў Беларусі. Гасцям з Усходу наша краіна раскрылася з лепшага боку.

Лі Цзя і Вэй Чжунцзэ разам са сваім чатырохгадовым сынам ужо два месяцы знаёмяцца з Беларуссю. Журналісты працуюць у мінскім офісе агенцтва навін "Сіньхуа".

Па ўсім свеце гэты сродак масавай інфармацыі адкрыў больш за сотню філіялаў. Падзеі на планеце рэпарцёры "Сіньхуа" асвятляюць на сямі мовах. Гэтае агенцтва нават змагло сабе дазволіць адправіць уласнага карэспандэнта ў космас.

Вэй Чжунцзэ прапаноўвае для прастаты гутаркі зваць яго Віктарам. Журналіст раней працаваў у Маскве і Пекіне, а сёння практычна ў штодзённым рэжыме рыхтуе матэрыялы пра Беларусь.

Астатнія чатыры дзясяткі ўдзельнікаў прэс-тура прыляцелі ў Мінск прамым рэйсам з Пекіна. Яны прадстаўляюць усе галоўныя масмедыя Кітая. У тым ліку і глабальны медыяхолдынг CCTV.

Цэнтральнае тэлебачанне Кітая ўключае ў сябе 43 тэлеканалы, а штодзённая аўдыторыя перавышае 600 мільёнаў чалавек. Гэта адзінае ў свеце тэлевізійнае СМІ, якое бесперапынна вяшчае на шасці рабочых мовах ААН.

Маштабны прэс-тур арганізаваны ўпершыню ў беларуска-кітайскай гісторыі. У складзе групы не толькі сталічныя рэпарцёры, але і журналісты з дзесяці правінцый гэтай краіны. Е Чунь, напрыклад, з'яўляецца зоркай тэлебачання Шэньчжэня - горада-пабраціма Мінска.

Е Чунь, карэспандэнт спадарожнікавага тэлебачання Шэньчжэня: "Кола проста вялізнае, і я ніколі не сустракала такой вялікай машыны. Для мяне гэты тур - гэта ўзрушаючая магчымасць убачыць ужывую такую дзіўную тэхніку. Яна вельмі ўражвае".

Журналістка, апроч тэлерэпартажаў, зрабіла ў Беларусі сотні фатаграфій на свой смартфон. У Інтэрнэт выклала пакуль толькі адну - і яна ўжо выклікала рэзананс у яе сацыяльных сетках.

Запасам працавітасці кітайскія журналісты ўпэўнена пераўзыходзяць акул пяра з любой краіны свету. Графік прэс-тура па Беларусі быў распісаны літаральна па гадзінах. У праграме - заводы, ІТ-кампаніі, індустрыяльны парк, музей, тэатр, выстава СМІ і шматлікае іншае. Амаль у кожным з гэтых пунктаў - паспяховыя прыклады беларуска-кітайскага партнёрства.

Беларусь і Кітай пачыналі свае адносіны з простага гандлю. Сёння ў двухбаковым актыве - дзясяткі маштабных і ў чымсьці нават дзёрзкіх праектаў на мільярды долараў. Пад Барысавам амаль гатовы завод па вытворчасці 60 000 легкавых аўтамабіляў за год. А непадалёк ад Мінска разрастаецца "Вялікі камень" - ужо сёлета колькасць рэзідэнтаў індустрыяльнага парка павінна павялічыцца да дваццаці. І гэта - толькі малая частка таго, што паспелі ўбачыць за тыдзень рэпарцёры з КНР.

Палац Незалежнасці стаў ключавым пунктам усяго прэс-тура кітайскіх журналістаў. Сёлета дзве дзяржавы адзначаюць 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. За гэты час Беларусь увайшла ў кола самых блізкіх партнёраў Паднябеснай і стала адным з найважнейшых звёнаў "Новага Шаўковага шляху". Куды вядзе наша сяброўства з найбуйнейшай эканомікай свету, пра гэта кітайскія рэпарцёры змаглі дэталёва пагаварыць з Прэзідэнтам Беларусі.

Да сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам рэпарцёры змаглі бліжэй пазнаёміцца з Палацам Незалежнасці. Для гасцей правялі экскурсію па беларускім цэнтры вялікай палітыкі. Паказалі і тыя залы, у якіх праходзілі лёсавызначальныя перамовы "нармандскай чацвёркі".

Е Чунь, карэспандэнт спадарожнікавага тэлебачання Шэньчжэня: "Гэты вельмі прасторны і прыгожы будынак. Мяне па-сапраўднаму ўразілі інтэр'еры. Асабліва мне спадабалася выстава карцін, падораных лідарамі розных краін. Гэта добрая дэманстрацыя вашай адкрытасці і кантактаў са шматлікімі дзяржавамі свету".

Мабыць, ні з адной краінай Беларусь не прасоўваецца так хутка ў адносінах, як з Кітаем. З мінулага года Мінск - у чацвёрцы найбліжэйшых партнёраў Пекіна. Кітай сёння ўкладвае мільярды долараў у будаўніцтва "Новага Шаўковага шляху" - і Беларусь стала важным пунктам гэтай трансеўразійскай магістралі.

Кітай збірае сяброў. Так можна назваць маштабны саміт "Адзін пояс - адзін шлях", які пройдзе ў Пекіне ў сярэдзіне мая. На форуме будзе прысутнічаць амаль 30 сусветных лідараў - у тым ліку і Прэзідэнт Беларусі. Вялікі эканамічны калідор, які праходзіць праз увесь кантынент, зможа паўплываць на ўвесь планетарны гандаль.

Асабістае сяброўства лідараў Беларусі і Кітая, якое пачалося яшчэ да таго, як Сі Цзіньпін заняў вышэйшую пасаду ў КНР, паскарае ўзаемадзеянне. Але вынікі стратэгічнага партнёрства могуць быць яшчэ больш прыкметнымі. Таму беларускі бок гэты год ацэньвае як пераломны ў двухбаковых адносінах.

Кітай таксама апынуўся ў спісе краін, жыхары якіх могуць прылятаць да нас без візы. Падчас свайго інфармацыйнага падарожжа па Беларусі рэпарцёры з Усходу змаглі асабіста ацаніць лепшыя турыстычныя аб'екты.

Беларусь асабліва зацікаўленая ў павелічэнні колькасці гасцей з КНР. Менавіта кітайскія турысты сталі самымі шчодрымі ў свеце, выдаткаваўшы летась за мяжой 260 мільярдаў долараў.

Сёння гэтыя журналісты вернуцца дахаты. Агульная аўдыторыя ўсіх іх рэдакцый - сотні мільёнаў чалавек. А гэта значыць, што колькасць нашых сяброў - хай і на адлегласці - істотна павялічыцца. Вялікая палітыка і буйная эканоміка заўсёды заснаваныя менавіта на чалавечых адносінах.