Першых турыстаў прыме палацава-паркавы ансамбль у Косаве

19 марта 2017

Сёлета першых турыстаў прыме палацава-паркавы ансамбль у Косаве. Маёнтак Пуслоўскіх упершыню за сваю гісторыю стане даступным для наведвання людзей. Ужо ўвосень можна будзе ўбачыць экспазіцыю ў чатырох выставачных залах. Зараз як раз ідзе навуковая праца над праектам. Аднаўленчыя работы на помніку архітэктуры вядуцца ўжо дзесяцігоддзе. Дарэчы, да прыходу рэстаўратараў будынак слаба нагадваў гістарычную спадчыну.

Зараз жа палац стане новым пунктам у спісе турыстычных кірункаў. Тым больш што сярод жыхароў і гасцей нашай краіны замак набірае папулярнасць. Толькі летась Косава наведалі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. А ўлічваючы рашэнне аб пяцідзённым бязвізавым знаходжанні для грамадзян 80 дзяржаў, патэнцыял Косава ўзрастае яшчэ больш.

Плюс да ўсяго побач з палацава-паркавым ансамблем знаходзіцца музей-сядзіба Касцюшкі - нацыянальнага героя адразу чатырох краін: Беларусі, Літвы, Польшчы і ЗША. Падрабязней пра замкавае кальцо нашай краіны зараз раскажа Алена Борматава.

60 гектараў гісторыі. Менавіта столькі зойме плошча турыстычна-культурнага цэнтра ў Косаве пасля рэстаўрацыі. Зараз сканчаюцца работы на першым пускавым комплексе. Гэта тыя залы, якія праз некалькі месяцаў пачнуць прымаць турыстаў.

Канцэпцыю будучай экспазіцыі распрацоўвае Брэсцкі абласны краязнаўчы музей - метадычны цэнтр усіх музеяў рэгіёна. Зразумела, што напоўніць палац рарытэтамі сёння не ўяўляецца магчымым. Першыя наведвальнікі Косава даведаюцца толькі пра тое, як будзе выглядаць помнік архітэктуры пасля рэстаўрацыі. Эскізы аднаўленчых работ, матэрыялы праекціроўшчыкаў, знойдзеныя археолагамі прадметы - гэта і будуць першыя экспанаты.

Але ўжо зараз займаюцца музеефікацыяй палацава-паркавага ансамбля. Бо ільвіная доля экспазіцыі - гэта інтэр'еры, адпаведныя эпосе Пуслоўскіх. Другая палова XIX стагоддзя. І яна будзе захаваная. Адсочваюцца аўкцыёны, ідзе праца з калекцыянерамі. Ва ўладальнікаў была багатая мастацкая галерэя і бібліятэка. Дзе сёння друкаваныя помнікі з экслібрысамі роду, невядома.

Дарэчы, турыстаў тут пачнуць прымаць паралельна з аднаўленчымі работамі. Залы пакінуць у тынку, без чыставой падлогі і дэкаратыўных інтэр’ерных элементаў, каб наведвальнікі сваімі вачамі ўбачылі рэстаўрацыйны працэс.

Практычна ва ўсіх памяшканнях комплексу пастаўленыя вокны. Яны ўзноўленыя паводле ўзораў XIX стагоддзя. Сапраўды такія ж былі і ў Пуслоўскіх. Захавалі стыль, каларыстыку і форму. Пабудова самога палаца і сёння выклікае захапленне ў гісторыкаў архітэктуры і рэстаўратараў. Ні адна больш як са ста залаў не была прахадной. І кожнае памяшканне па чарзе залівалася сонцам два з паловай дні на год. Уладальнікі адзначалі дзень пакоя. З такой колькасцю апартаментаў святы ў Пуслоўскіх праводзіліся некалькі разоў на тыдзень. Сам граф займаўся пастаўкай лесу ў Еўропу для караблебудавання, пазней арганізаваў у Косаве вытворчасць дываноў, займаўся аднаўленнем храмаў.

Аднаўленне палаца пачалося з глыбінь. Дабрацца да падмуркаў першапачаткова было нерэальна. Сутарэнныя памяшканні былі заваленыя смеццем. Вышыня дасягала трох метраў. Расчыстка сутарэнняў праводзілася ў суправаджэнні археолагаў, сярод тон адыходаў маглі знаходзіцца каштоўныя рэчы і архітэктурныя элементы.

Пачаліся работы па ўмацаванні падмуркаў і аднаўленні цаглянага мура. Задача - максімальна захаваць аўтэнтычныя каменныя падмуркі. Усю старажытную цэглу вычышчалі, правяралі на трываласць, а затым выкарыстоўвалі для бачных архітэктурных элементаў - карнізаў, зубцоў, веж. Дарэчы, ва ўсіх энцыклапедычных крыніцах згадваецца пра 12 веж, кожная з якіх адпавядала свайму месяцу года. Але зараз іх 10. Магчыма, дзве згубленыя знаходзіліся на нейкіх асобных будынках і пакуль не адноўленыя.

Лес савецкага перыяду не толькі схаваў абрысы старажытных месцаў адпачынку, але і нанёс шкоду самому палацу. Пасля расчысткі тэрыторыі археолагі знаходзяць падмуркі дзвюх уязных брамаў - Паляўнічай і Цэнтральнай. Менавіта тут быў парадны ўезд, а значыць, і галоўны фасад маёнтка Пуслоўскіх. Побач будзе ўзноўленая і аранжарэя, дзе ўладальнікі маёнтка высаджвалі самыя рэдкія гатункі раслін. Дата здачы аб'екта пакуль не завецца. Фінансаванне аднаўленча-рэстаўрацыйных работ здзяйсняецца з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў 50 на 50. Сёлета трэба асвоіць каля пяцісот тысяч рублёў.

Палац у Косаве, як і любы замак Беларусі, ахутаны сваімі легендамі. З суседнімі Ружанамі маёнтак Пуслоўскіх быў злучаны шырокім падземным ходам. Ахоўнікамі ў Косаве былі жывыя львы. Палова адной з залаў была зробленая з двухпластовага шкла, паміж якімі плавалі сотні экзатычных рыб. Праўда, легенды сёння ніхто не пацвярджае. Археолагі і рэстаўратары не выявілі слядоў ні старажытнага метро, ні акварыума. Прынамсі, пакуль. Зараз абмяркоўваюць пытанне аб функцыянальным прызначэнні палаца ў Косаве. Гэта будзе турыстычна-культурны комплекс з гасцініцай, рэстаранам і кафэ, спецыяльнымі памяшканнямі для правядзення бізнес-форумаў і навуковых семінараў. Таксама адкрытым пакуль застаецца пытанне аб статусе палацава-паркавага ансамбля. Магчыма, ён стане філіялам альбо Нясвіжа, альбо Міра. Разглядаецца варыянт і аб самастойнай юрыдычнай установе.