На тыдні стала вядома, хто ўзначаліць Хрысціянска-дэмакратычны саюз Германіі

9 декабря 2018

У Германіі вырашылася галоўная інтрыга гэтага года. Стала вядома, хто ўзначаліць Хрысціянска-дэмакратычны саюз, якім амаль 19 гадоў кіравала Ангела Меркель. Новай старшынёй ХДС стала Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр, якую ў нямецкіх СМІ ахрысцілі проста АKK: ужо вельмі доўгае і складанае ў яе прозвішча. Зрэшты, шматлікія таксама завуць 56-гадовую Анегрэт "міні-Меркель". І не толькі за знешняе падабенства. Яна і праўда блізкая ў сваіх поглядах да цяперашняга канцлера, таму ў выпадку яе выбрання вялікіх змен у палітыцы партыі не прадказвалі. 

У будучыні Крамп-Карэнбаўэр можа стаць кандыдатам на пасаду канцлера. А пакуль гэтую пасаду - да 2021 года - займаць будзе Ангела Меркель. Да заканчэння тэрміну яе паўнамоцтваў. Як такое магчыма, аказалася, зразумела не ўсім. Мэр Кіева Віталь Клічко, які прыехаў на 31-ы з'езд ХДС, заблытаўся ў тым, якую ж пасаду пакідае Меркель. У гутарцы з журналістамі ён панаракаў на яе сыход аж з пасады канцлера Германіі.