На тыдні ўшаноўвалі спартсменаў зборнай Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ

1 декабря 2019

Адыходзячы год стаў паспяховым для прадстаўнікоў гэтага віду спорту, весляры выйгралі агульны медальны залік на чэмпіянаце свету, які праходзіў у венгерскім Сегедзе, заваяваўшы 14 медалёў, 6 з якіх залатыя. Бліскуча выступілі беларусы і на II Еўрапейскіх гульнях. Як вынік - адпаведныя ўшанаванні. 

За вынік у краіне гатовыя плаціць, і ўрачыстае ўзнагароджанне весляроў - таму яркае пацвярджэнне. Кіраўнік дзяржавы асабіста ўручыў медалі і падзякі героям стартаў, а галоўны чалавек у беларускім веславанні - Уладзімір Шантаровіч - атрымаў ордэн Нацыянальнага алімпійскага камітэта.

У краіне створаныя ўсе ўмовы, каб заваёўваць медалі вышэйшай вартасці на самых буйных стартах, яшчэ раз падкрэсліў Прэзідэнт на сустрэчы, адзначыўшы каштоўнасць стабільнасці, з якой весляры выступаюць і на чэмпіянатах свету, і Алімпійскіх гульнях. З усіх турніраў гэты від спорту заўсёды прывозіць медалі! 

4 снежня ў нацыянальнай каманды па веславанні стартуе другі этап падрыхтоўкі да Алімпіяды ў Токіа. Атлетаў чакаюць зборы ў Турцыі і Партугаліі, у Беларусь весляры вернуцца толькі пад Новы год.