Маніторынгавая група "Альянс місій назіральнікаў" ацэньвае ход перадвыбарнай кампаніі

20 сентября 2015

Магчымасці, якія даюцца ўсім кандыдатам у Прэзідэнты, у тым ліку і ў СМІ, у Беларусі ацэньвае маніторынгавая група "Альянс місій назіральнікаў". У яе ўваходзяць 10 міжнародных экспертаў з розных краін ЕС. Кіраўнік групы Генрых Кронер агучыў сваё меркаванне: беларускае заканадаўства празрыстае, а рэгуляванне справядлівае. 

На гэтым тыдні назіральнікі Еўрапейскага альянсу місій асабіста ацанілі магчымасці для агітацыі кандыдатаў на галоўным тэлеканале краіны. Яны наведалі Белтэлерадыёкампанію, паназіралі за ходам падрыхтоўкі і запісу тэлевыступлення аднаго з кандыдатаў. Еўрапейскіх назіральнікаў крыху здзівіў той факт, што, згодна з нацыянальным заканадаўствам, усе кандыдаты ў Прэзідэнты маюць права на бясплатныя выступленні, плюс могуць купляць дадатковы час са сродкаў сваіх перадвыбарных фондаў.

На гэтым тыдні адбылася сустрэча старшыні Цэнтрвыбаркама і кіраўніка місіі назіральнікаў ад АБСЕ. Яна насіла азнаямленчы характар. Жак Фор паведаміў Лідзіі Ярмошынай, што колькасць міжнародных назіральнікаў ад АБСЕ можа павялічыцца да 300 чалавек, а таксама папрасіў даць прадстаўнікам місіі дакладныя ўзоры бюлетэняў для галасавання і пратаколаў, якія будуць запаўняць участковыя выбарчыя камісіі.