Міжнародны дайджэст

13 декабря 2015

Пачнём з сённяшняй навіны. Трагедыя ў Расіі. Падчас пажару ў псіханеўралагічным інтэрнаце Варонежскай вобласці загінулі 23 чалавекі, больш за 20 пацярпелі. У момант узгарання ў двух карпусах знаходзіліся 140 пацыентаў, 50 з іх не маглі самастойна перамяшчацца. Ратавальнікі выносілі людзей на руках. У аперацыі былі задзейнічаны чатыры сотні спецыялістаў. Прычыны ўзгарання зараз высвятляюць следчыя.

Да вялікай колькасці пацярпелых прывялі масавыя беспарадкі ў Лейпцыгу. У спісе каля 70 афіцэраў паліцыі. На марш у цэнтры горада выйшлі неанацысты. Яны сутыкнуліся са шматтысячнай групоўкай левых радыкалаў. Пачалася бойка. Вартавыя парадку спрабавалі іх разняць і прымянілі вадамёты, перцавы газ і святлошумавыя гранаты. Арыштаваны 23 удзельнікі акцыі. Адміністрацыя горада назвала здарэнне "адкрытым вулічным тэрорам".

Аўстрыя будуе агароджу на мяжы са Славеніяй, каб хоць неяк кантраляваць паток мігрантаў. У прэсе ўжо назвалі гэта "першай агароджай Шэнгена", маючы на ўвазе, што ўнутры Еўрасаюза пачынае з'яўляцца мяжа, якую так доўга спрабавалі ліквідаваць. А гэта галоўны сімвал ЕС - адсутнасць пагранічных бар'ераў паміж саюзнікамі.

Зрэшты, праблема бежанцаў ударыла не толькі па фізічных атрыбутах, але і каштоўнасцях еўрапейцаў. Напрыклад, па талерантнасці. І гэта той выпадак, калі, сапраўды, эканоміка на першым плане, а палітыка адыходзіць на другі. Мяркуйце самі.

Нарвегія мае намер змяніць міграцыйную палітыку, каб не быць надта прывабнай. Улады скароцяць аб'ём сацыяльных гарантый і паскораць працэсы вынясення адмоў бежанцам. Улады краіны нават гатовыя плаціць мігрантам, каб тыя з'язджалі.

Фінляндыя закрывае тры цэнтры па прыёме бежанцаў і спешна стварае цэнтры па дэпартацыі.

Бельгія аб'явіла ў міжнародны вышук 160 падазроных у тэрарызме. 945 грамадзян краіны фігуруюць у спісе асоб, якія звязалі сябе з вайной у Сірыі. У пераліку і тыя, хто з'ехаў ваяваць у Сірыю, і тыя, хто адтуль вярнуўся. Ужо дакладна вядома, што дадому ў Бельгію прыехалі 130 наёмнікаў.

На тыдні прагучала такая заява. "Ісламская дзяржава" можа паспрабаваць арганізаваць тэракты з выкарыстаннем зброі масавага знішчэння. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе палітычнага аналітыка Беатрыс Іменкамп. У дакуменце гаворыцца, што рэчывы для стварэння хімічнай, біялагічнай або ядзернай зброі могуць быць дастаўлены ў Еўропу кантрабандным шляхам. Гаворка ідзе пра зарын, рыцын або споры сібірскай язвы.

У ЗША спрабуюць балансаваць паміж страхам і паліткарэктнасцю. З аднаго боку, Палата прадстаўнікоў кангрэса робіць больш жорсткімі правілы ўезду з "бязвізавых краін", амерыканцы па нітачцы раскручваюць сцэнарый падрыхтоўкі тэракта ў цэнтры дапамогі інвалідам Сан-Бернардзіна, а з другога боку, учынілі сапраўдную публічную лупцоўку кандыдату ў прэзідэнты ад рэспубліканцаў Дональду Трампу за тое, што ён заклікаў да забароны ўезду мусульман у ЗША. Вось тут усе ставяць кропку, але справядлівасці дзеля трэба ўспомніць, што ў Трампа ў гэтай фразе кропкі не было, і ён прадоўжыў "...датуль, пакуль тыя, хто прадстаўляе краіну, не зразумеюць, што адбываецца".

Зрэшты, варта прызнаць, што Трамп рэгулярна дае падставу для крытыкаў. На тыдні яму дасталася нават ад сімвала Амерыкі. Арол па мянушцы Дзядзька Сэм абышоўся з мільярдэрам даволі дзёрзка падчас фотасесіі для часопіса "Тайм". Вось як гэта было.

Масавая бойка ў Вярхоўнай радзе Украіны. У сутычцы сышліся дэпутаты з прапрэзідэнцкага "Блока Пятра Парашэнкі" і прэм'ерскай фракцыі "Народны фронт". Інцыдэнт адбыўся падчас выступлення кіраўніка Кабміна. Дэпутат Алег Барна з "Блока Парашэнкі" падбег да трыбуны, падарыў прэм'еру букет кветак і паспрабаваў вынесці Яцанюка з-за подыума. Да Барны - удзельніка баявых дзеянняў на Данбасе - падбеглі дэпутаты "Народнага фронту" і пачалі яго збіваць. На дапамогу паплечніку кінуліся яго аднапартыйцы. Бойка працягвалася некалькі хвілін. Пасяджэнне парламента было прыпынена. Пасля інцыдэнту прадстаўнікі "Народнага фронту" і "Блока Пятра Парашэнкі" папрасілі прабачэння адзін у аднаго. Падставай для бойкі стала абмеркаванне пытанняў энергетычнай галіны. Ля сцен Вярхоўнай рады ў гэты час праходзіў мітынг за адстаўку ўрада.