Дзе і як часцей за ўсё абважваюць пакупнікоў? Расследаванне "Галоўнага эфіру"

26 июля 2015

А зараз да праблемы, з якой, згадзіцеся, сутыкаўся калі не кожны, то вельмі многія. Я пра выпадак, калі кантрольныя шалі пасля куплі паказваюць на сотню-другую грамаў менш, чым за некалькі хвілін да гэтага ў прадаўца. Такое адчуванне, быццам табе запусцілі руку ў кішэню.

Змагаюцца з абважваннямі, падманамі шматлікія службы, але справіцца з праблемай не проста. Існуе тысяча і адзін спосаб, як адабраць у пакупніка грошай больш, чым таго каштуе тавар.

Наш карэспандэнт Антаніна Станкевіч вырашыла высветліць, дзе і як часцей за ўсё абважваюць пакупнікоў і галоўнае, як з гэтым змагацца? Глядзіце расследаванне "Галоўнага эфіру". 

Выхадзец сонечнай Малдовы Мсціслаў Ігнаценка ведае толк у спелай чарэшні, сакавітых абрыкосах і румяных памідорах ледзь ці не на генетычным узроўні. А таму да паходаў на рынак за агароднінай і садавіной жонку не падпускае - усё сам. Прызнаецца, звяртае ўвагу выключна на якасць прадукцыі. А вось на тэму абважванняў не задумваўся ні разу. І з чыста даследчай цікаўнасцю згадзіўся на эксперымент праграмы "Галоўны эфір".

Адпраўляемся на найбліжэйшы да дома рынак. Пляцоўка каля ўваходу на станцыю метро "Трактарны завод" запоўнена разнастайнымі палаткамі, латкамі, машынамі з агароднінай і садавіной. Выбар - вочы разбягаюцца. Вырашана для эксперымента купіць чарэшню, абрыкосы, памідоры і бульбу.

Прадаўцы не стамляюцца нахвальваць свой тавар і шчодрай рукой адсыпаюць на шалі нават крыху больш, чым просіць Слава. Зрэшты, здавалася б 10 грамаў туды, 50 - сюды, якая розніца. Пасля мы пераканаемся - яна ёсць.

Для чысціні эксперымента бяром яшчэ і бульбу. Ужо на іншым пункце. Зразумелая справа, на такіх імправізаваных рынках кантрольныя шалі калі і ёсць, то ніхто не ведае, дзе яны знаходзяцца. Як правіла, тут паміж прадаўцамі і пакупнікамі дзейнічае так званая прэзумпцыя даверу. Але наша мэта - праверыць. Адпраўляемся ў адзін са сталічных магазінаў. Наяўнасць кантрольных вагаў там - абавязковая ўмова, ды і знаходзяцца яны на самім бачным месцы.

Кантрольныя шалі лічацца самымі дакладнымі, зараз мы ў гэтым пераканаемся. Узважваем ужо расфасаваную вермішэль - хібнасць два грамы.

Дарэчы, хібнасць кантрольных вагаў не можа перавышаць адзін грам не ў бок пакупніка. За гэтым строга сочыць і Дзяржстандарт, і іншыя правяраючыя службы.

Пачынаем узважванне. І першыя ж вынікі паказваюць - прымаўка "давярай, але правярай" у жыцці яшчэ як працуе!

Вынікі нашага эксперымента не тое каб шакіруюць, хутчэй, дробязь, а непрыемна. Узважваючы чарэшню, мы не далічыліся 58 грамаў, а гэта 3 з паловай тысячы рублёў. Абрыкосы пацягнулі на 550 грамаў, на рынку было 620 - разам мінус 2 з паловай тысячы рублёў. Тэндэнцыя захавалася і пры кантрольным узважванні памідораў - мінус 46 грамаў і 1100 рублёў адпаведна. Разам за адзін паход на рынак мы пакінулі ў выглядзе вось такіх своеасаблівых чаявых 7 тысяч 100 рублёў.

Дарэчы, абважванне лічыцца сур'ёзным парушэннем у сферы гандлю і грамадскага харчавання. Не так даўно Мінгандаль закрыў адну з папулярных сталічных устаноў менавіта таму, што ў заяўленых порцыях правяраючыя не далічыліся ад 10 да 50 грамаў. Засцерагчы сябе ад падману можна толькі адным спосабам - заўсёды патрабаваць чэк. Бо калі яго няма, то правоў таксама няма, ужо з дзясятак гадоў паўтарае сацыяльная рэклама.

Вынік гэтага эксперымента аказаўся крыху засмучальным. Зрэшты, мы не сцвярджаем, што ўсе прадаўцы абавязкова ашукваюць сваіх пакупнікоў. Аднак лішняя пільнасць ніколі не перашкодзіць.