Еўрапейскі інтарэс

24 июля 2016

Гаворым і далей аб інвестыцыях, але зменім вектар на еўрапейскі. Калі дакладней - Галандыя. І тут таксама вельмі паказальны прыклад, як трэба развіваць дзелавыя кантакты. Сумесны капітал задзейнічаны нават не ў дзясятках - у сотнях праектаў.

Краіна цюльпанаў - на другім месцы ў ЕС па аб'ёмах беларускага экспарту. Толькі сёлета мы паставілі туды прадукцыі больш чым на мільярд долараў. Яшчэ столькі ж нідэрландскі бізнес у 2015-ым уклаў і ў беларускую эканоміку.

Так, сумы з дзевяццю нулямі ў справаздачнасці - звычайная справа. Што ж прыцягвае галандцаў у Беларусі? Як футбалісты з легендарных клубаў Аякс і ПСВ трапляюць у сеткі беларускіх прадпрыемстваў? І чаму вытворцы нават даільнага абсталявання адкрылі лінію ў нашай краіне?

Як беларускія дэкаратыўныя елкі захопліваюць рынак калядных тавараў у Нідэрландах? І навошта бізнесмены з краіны сыроў жадаюць закупляць тварожную прадукцыю ў Беларусі?

Аляксей Адашкін праехаў па краіне не адну сотню кіламетраў - яго рэпартаж з Гаагі, Эйндховена, і зусім невялікіх гарадоў Галандыі.

Бізнесмен Петэр-Ян Тэль, гаворачы аб супрацоўніцтве з нашай краінай, стукае па дрэве. Па-першае, менавіта гэты матэрыял асноўны ў пастаўках з Беларусі для гэтай кампаніі. Ну а па-другое, каб не ўрачы.

Петэр-Ян Тэль, дырэктар кампаніі Tel International: "Сярод усіх краін Усходняй Еўропы менавіта з Беларуссю мы збіраемся істотна нарошчваць бізнес. Мне падабаецца менталітэт вашага народа, ваш стыль працы - хуткі, сумленны. Ну і якасць тавараў у вас вельмі добрая".

Петэр-Ян узначальвае сямейны бізнес, заснаваны яго бацькам 57 гадоў назад. Гэтая кампанія займаецца выпускам і продажам прадметаў інтэр'еру, якія ўпрыгожваюць шматлікія еўрапейскія кватэры, дамы і прысядзібныя ўчасткі. Здавалася б, дробязі. Але толькі партыя падставак для кветкавых вазонаў прынясе беларускім партнёрам Тэля паўмільёна еўра. А вось такія дэкаратыўныя ялінкі з сінявокай павінны стаць хітом продажаў у Нідэрландах на Раство.

Петэр-Ян Тэль, дырэктар кампаніі Tel International: "Я быў вельмі ўражаны тым, што ўбачыў у Беларусі. Тэхналогіі, абсталяванне, кваліфікацыя кадраў. Усё гэта ў нас на выдатным узроўні. Раз нават такія гіганты як ІКЕА размяшчаюць заказы ў Беларусі, значыць, вы насамрэч умееце вырабляць якасны тавар".

У 2015-ым годзе Петэр-Ян першы раз пабываў у Беларусі, і ўпершыню пачаў размяшчаць свае заказы ў нашай краіне. А ўжо сёлета бізнесмен адкрывае ў Мінску прадстаўніцтва сваёй кампаніі.

Петэр-Ян Тэль, дырэктар кампаніі Tel International: "Мне здаецца, што беларусы і галандцы маюць больш агульнага, больш падобнага, чым, напрыклад, галандцы і палякі. Не ведаю чаму, але гэта так. Мы вельмі падобныя. І добра, што нам атрымоўваецца разам рабіць выгадны бізнес".

Падобнага паміж дзвюма краінамі насамрэч шмат. І гэта дапамагае гандляваць. Нідэрланды, як і Беларусь, пры не вельмі вялікіх памерах, дамагліся дзіўных поспехаў у пастаўках харчавання за мяжу. Актыўна тут развіваюцца і іншыя сектары эканомікі, якія знаходзяць сваю выгаду ў куплі беларускіх тавараў. Галандыя - на другім месцы ў Еўрасаюзе па аб'ёмах нашага экспарту.

Хені Кайкен роўна сто два разы быў у Беларусі. Да дакладных разлікаў гэты бізнесмен прывык за гады працы на транснацыянальныя карпарацыі ў Нідэрландах. Зараз Хені ўзначальвае ўласную кампанію, якая мае філіял і ў Мінску. Ужо 8 гадоў спадар Кайкен з'яўляецца ганаровым консулам Беларусі ў сябе на Радзіме. І сапраўды ведае, які беларускі прадукт змог бы заваяваць шлях да сэрца ўсіх галандцаў.

Хені Кайкен, ганаровы консул Беларусі ў Эйндховене: "Я лічу, што ёсць вельмі шмат магчымасцяў для Беларусі ў Нідэрландах. Напрыклад, хоць мы і малочная краіна, але ёсць адзін прадукт, які ў нас немагчыма купіць. Гэта тварожныя сыркі. Гэты ласунак мог бы стаць сапраўдным хітом продажаў у нашых супермаркетах. Дагэтуль не разумею, чаму вашы вытворцы не працуюць над гэтым. Яшчэ жадаю адзначыць такія перспектыўныя беларускія галіны, як дрэваапрацоўка, машынабудаванне, і, вядома ж, распрацоўкі ў сферы IT, дзе ваша краіна зрабіла сабе гучнае імя".

Нідэрландскі бізнес актыўна ўкладвае грошы ў Беларусь. За мінулы год агульны аб'ём інвестыцый з краіны цюльпанаў перавысіў 1 мільярд дзвесце мільёнаў долараў. У нашай краіне працуе больш чым сто прадпрыемстваў з удзелам капіталу з берагоў Паўночнага мора.

Галандцы - прыроджаныя гандляры. Тут у кожным горадзе цэнтральнае месца займае менавіта рыначная плошча. Вядома, у наш час здзелкі заключаюцца не на базарах, а ў камфартабельных офісах, і цывілізавана гандлявацца з усім светам Нідэрландам дапамагае менавіта членства ў СГА.

Нідэрланды ўжо сапраўды галасуюць за хутчэйшае далучэнне Беларусі да Сусветнай арганізацыі. Бо гэта ў сферы камерцыйных інтарэсаў такіх кампаній, як вось гэты гігант машынабудавання. Знакамітыя даільныя робаты і карусельныя сістэмы для малочных ферм вырабляюць у падраздзяленнях менавіта гэтай фірмы.

Гадавы абарот прадпрыемства - больш за 600 мільёнаў еўра. Адкрыццё новага завода кампаніі наведала сама каралева Нідэрланд Максіма. Прадукцыю адгэтуль пастаўляюць больш чым у 60 краін, у тым ліку і ў Беларусь. Але ў нашай краіне галандскія бізнесмены пайшлі далей - і арганізавалі сумесную зборку ў Гродзенскай вобласці.

Эверт Ніемаер, дырэктар па продажах падраздзялення кампаніі Lely: "Палова гэтай машыны зроблена ў Беларусі. На фабрыцы ў Гановеры мы вырабляем толькі шасі і камеру прэсавання. Усе астатнія вузлы, у тым ліку корпус і колы, - беларускае".

Наступным крокам могуць стаць пастаўкі галандскай тэхнікі беларускай зборкі далей на Усход, у краіны ЕАЭС. Аднак для гэтага кампанія спачатку павінна пабудаваць сетку сэрвісных цэнтраў - такія прынцыпы фірмы.

Эверт Ніемаер, дырэктар па продажах падраздзялення кампаніі Lely: "Беларусь - важная краіна для нашай кампаніі. Мы лічым, што менавіта бізнес можа істотна зблізіць нашы краіны. Эканоміка дапамагае палепшыць адносіны, у тым ліку і ў сферы палітыкі. Нашы беларускія партнёры цалкам задавальняюць нас сваёй стабільнай працай і адказным падыходам да справы".

А гэта - склад галандскай кампаніі, якая па ўсёй Еўропе прадае сінтэтычныя ніткі. Па хуткасці перамяшчэння гэтага пагрузчыка можна меркаваць, як хутка тут ідзе гандаль. 75% тавараў у гэтым сховішчы - беларускай вытворчасці.

З беларускіх нітак вырабляюць канаты, вяроўкі, рыбалоўныя снасці. Айчынны тавар у свае сеткі злавіў нават знакамітыя галандскія футбольныя клубы.

Беларускае дыпламатычнае прадстаўніцтва працуе ў Гаазе з 1993-га. Сёлета Нідэрланды адкрываюць сваё пасольства ў Мінску. А гэта значыць, што не толькі галандскія бізнесмены, але і ўлады краіны цюльпанаў гатовыя да паскарэння адносін з Беларуссю.