Дэкрэт № 7 ужо дае плён. Эканоміка краіны прырастае доляй малога бізнесу

22 июля 2018

Дэкрэт № 7, ды і ўвесь пакет па лібералізацыі бізнесу, ужо дае плён. Эканоміка краіны прырастае доляй малога бізнесу. З пачатку года колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў вырасла амаль на дзве з паловай тысячы. Гэта пры тым, што апошнія тры гады яны часцей зачыняліся.

Актыўныя сталі і цэнтры занятасці, ды і буйныя прадпрыемствы праводзяць кірмашы вакансій прама на вытворчасці. Уцешна і тое, што прыватныя прадпрыемствы адчыняюцца не толькі ў буйных гарадах, але і ў малых. Расце і колькасць самазанятых.

Аналіз рынку працы - у нашага карэспандэнта Святланы Лук’янюк. Гэта кірмаш вакансій у Мінску. Тры дні ў розных раёнах і з прапановамі ад працадаўцаў. Рэальная магчымасць пазнаёміцца з кіраўніком і асабіста спытацца і пра ўмовы працы, і пра зарплату.

З пачатку года толькі Мінск запрашаў на 100 кірмашоў. Гэта і агульнагарадскіх, і на прадпрыемствах. Свабодныя месцы ёсць - да 15 тысяч вакансій. Акрамя пастаянных, прапаноўваюць і часовыя - на сяле.

Попыт на рабочую сілу расце. Па краіне 76 тысяч вакансій. Да таго ж з пачатку года ў цэнтрах занятасці перанавучылі 5 тысяч ахвочых змяніць прафесію або кваліфікацыю.

Кадры пад сучаснае абсталяванне рыхтуюць і самі вытворчасці. Напрыклад, сваіх будучых працаўнікоў спрабуюць разглядзець ужо падчас вытворчых практык. Так, Камволь мадэрнізавалі і шукалі, хто ж будзе працаваць на новых машынах.

Яшчэ восенню тут было каля 120 вакансій. Але сёння кадравы голад здаволены. Дапамаглі тыя ж кірмашы, а таксама каледжы. Дзмітрый прыйшоў на практыку ў снежні. Сёння ўжо тут на поўнай стаўцы - па размеркаванні.

Услед за Дзмітрыем на прадпрыемства прыйшла ўся яго група. Гарантаванае першае рабочае месца лічаць поспехам.

Толькі сёлета прадпрыемства ўзяло на працу больш як 60 выпускнікоў каледжаў. Некаторыя і пасля двухгадовай адпрацоўкі працягваюць працоўны стаж.

На сярэдніх і буйных прадпрыемствах тэмп росту стварэння рабочых месцаў 15%. У выніку за студзень-май 13 тысяч. А на новых вытворчасцях плюс 10%. У індывідуальных прадпрымальнікаў плюс 4. З пачатку года ІП стала больш амаль на 2 з паловай тысячы. Бізнес гаворыць аб першым плёне працы ліберальнага пакета.

Больш за ўсё ІП працуе ў Мінску - больш як 72 тысячы. У вобласці іх каля 37 тысяч. Усяго па краіне больш 238. Гэта пры тым, што апошнія тры гады малы бізнес толькі страчваў пазіцыі. І зараз упэўнены крок наперад.

Чым бізнес буйнейшы, тым і рабочых месцаў больш. Сёння стаўка менавіта на высокатэхналагічную вытворчасць. Вось гэта фармпрадпрыемства ў Лагойску пабудавалі за два гады. Акупіць інвестыцыі, а гэта прыкладна 20 мільёнаў долараў, плануецца за тры гады. Абсталяванне нямецкае і італьянскае.

Тут, на вытворчасці, чысціня вышэйшай ступені. Для ўсяго персаналу абавязковыя аднаразовыя капялюшыкі, маскі, пальчаткі, халаты і бахілы. Нават наш штатыў пусцілі на вытворчасць у ахоўным халаце.

Для фармвытворчасці спецыялісты - штучны тавар. Сплаў і вопыту, і маладога запалу, жаданне рэалізаваць свае веды і ўменні.

Чатыры гады таму тут былі проста сцены. Сёння выпускаюць лекі для нашага рынку. Ручной працы больш у лабараторыі, далей усё аўтаматыка. Патрэбныя толькі ўмелыя рукі інжынераў і наладчыкаў.

Новая вытворчасць у малым горадзе, гэта магчымасць для мясцовых знайсці працу, а камусьці памяняць бліжэй да дома, каб не ездзіць за дзясяткі кіламетраў у абласны цэнтр або сталіцу. Таксама гэта і добры дадатак у мясцовую казну.

667 суб'ектаў гаспадарання пачалі сваю справу з пачатку года па 345-ым ўказе. Гэта развіццё гандлю грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання на сяле і ў малых гарадах. Больш як 170 юрасоб і амаль 500 індывідуальных прадпрымальнікаў.

Менш чым за год у гарадскім пасёлку Івянец стварылі новую інавацыйную вытворчасць. Гэта першая ў Беларусі экаферма. Раней на гэтых плошчах была дзяржптушкафабрыка. Але прадпрыемства зачынілі, і людзі засталіся без працы. Прыход прыватніка ўдыхнуў новае жыццё.

Сёння на фабрыцы пастаянных працаўнікоў 15. Яшчэ столькі ж часовых. Але ў планах пашырацца і мадэрнізавацца. Тады да канца года працоўныя кніжкі будуць ужо ў 50 чалавек.

Больш на рынку стала тых, хто працуе без рэгістрацыі ІП. Спіс самазанятых напрыканцы мінулага года пашырылі, і вынікі гавораць самі за сябе. Амаль 26 тысяч. Гэта на 9 тысяч больш, чым летась. Дадатак у бюджэт каля 2 мільёнаў рублёў. У лідарах рэпетытарства і дары з уласнага гарода.

У падатковай гавораць, у многіх самазанятасць - гэта першая прыступка на шляху стварэння малых і нават буйных прадпрыемстваў. Магчымасць паспрабаваць сябе ў бізнесе, а далей, калі справа пойдзе, можна павялічваць штат.