Чым жыве сталіца Еўрапейскага саюза пасля нядаўніх тэрактаў

1 мая 2016

Хто б мог падумаць яшчэ некалькі гадоў назад, што ў якасці ілюстрацыі да тэмы "барацьба з тэрорам" мы будзем паказваць не Афганістан або Блізкі ўсход, а самае што ні на ёсць "сэрца Еўропы". Метастазы сусветнага зла, здаецца, падбіраюцца ад перыферыі да галоўных органаў. Брусель. Што там? Чым жыве сталіца Еўрапейскага саюза пасля нядаўніх тэрактаў. Даведаемся прама зараз. З намі на сувязі з Бельгіі наш карэспандэнт Аляксей Радзівонаў.

За час пасля тэракта ў Бельгіі адчуваюцца сур'ёзныя змены. Трэці, з чатырох наяўных, узровень тэрарыстычнай пагрозы, адстаўка міністра транспарту і поўны перагляд міграцыйнай палітыкі краін - удзельніц Еўрапейскага саюза. Нягледзячы на тое, што ўжо больш за месяц прайшло з дня самага маштабнага ў гісторыі Бельгіі тэракта - 32 чалавекі загінулі і больш як 300 параненых. І, здавалася б, што ўсе службы краіны (ад транспарту да арміі) зноў працуюць у звыклым рэжыме, думкі аб самым страшным дагэтуль не пакідаюць жыхароў Бруселя.

Галоўны аэрапорт Завенцэм, месца, у якім прагрымелі першыя два выбухі, ужо практычна цалкам аднавіў сваю працу. Праўда, рэгіструюць пасажыраў усё яшчэ ў часовых памяшканнях. Купіць авіябілет, не баючыся, што рэйс могуць адмяніць, можна ўжо, як два тыдні, а чыгуначную станцыю "Аэрапорт Нацыянальны" і ўвогуле адкрылі толькі некалькі дзён назад. Дарэчы, паветраная гавань сёння абслугоўвае да 1000 пасажыраў за гадзіну - гэта толькі 25% ад яе звычайнай прапускной здольнасці.

Акрамя аднаўлення працы аэрапорта, без абмежаванняў зараз можна скарыстацца і метрапалітэнам. Літаральна напярэдадні кіраўніцтва сталічнай транспартнай кампаніі адкрыла ўсе 69 станцый метро, у тым ліку адзін з цэнтральных прыпынкаў горада "Маэльбек", дзе тэрарыстычная атака забрала жыцці 16 чалавек і, якая, дарэчы, знаходзіцца побач з цэнтральнымі будынкамі еўрапейскіх інстытутаў, у тым ліку і Еўракамісіі. Праўда, доступ да станцый метро і падземных частак трамвайных ліній пакуль будзе абмежаваны па ўсім горадзе толькі двума ўваходамі-выхадамі, каб, паводле слоў камюніке брусельскага ўрада, "гарантаваць адпаведны ўзровень бяспекі па ўсёй сетцы".

Яшчэ адным цікавым фактам стала тое, што ўжо пасля саміх выбухаў звычайныя людзі сталі задумвацца, чаму амаль за паўгода з дня тэракта ў Парыжы паліцыя і вайскоўцы Бельгіі так і не змаглі знайсці і арыштаваць арганізатараў, якія, дарэчы, увесь гэты час жылі ў самім Бруселі. Спецыялісты сцвярджаюць, што адной з памылак у працы праваахоўных органаў стала банальнае непаразуменне адзін аднаго. Справа ў тым, што ў адным толькі Бруселі шэсць розных паліцэйскіх службаў, якія належаць розным моўным суполкам. Што прывяло да таго, што хтосьці камусьці інфармацыю проста не перадаў.

Гаварыць, што зараз еўрапейцы ўсё часцей сталі цурацца людзей усходняй знешнасці, не даводзіцца. Урад усё яшчэ працягвае выплачваць сацыяльныя дапамогі мігрантам, якія прыбываюць у краіну пад статусам "бежанец". Не спынялі працу адразу пасля тэракта і школы, універсітэты і нават рэстараны. Апошнія, праўда, зачыняліся ўжо з надыходам цемры, ды і гэтая мера бяспекі пратрымалася ўсяго некалькі дзён.

Нягледзячы на фактычнае аднаўленне працы ўсіх сфер абслугоўвання горада, галоўнай праблемай, паводле слоў экспертаў, дагэтуль лічыцца не толькі настрой жыхароў і гасцей сталіцы, але і ўсёй краіны. Так, галоўны офіс Прафсаюзаў Бельгіі просіць урад Каралеўства звярнуць асаблівую ўвагу на псіхалагічны стан супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Эксперты Інстытута Бяспекі сцвярджаюць, што паліцыя і армія дзяржавы знаходзіцца на грані, так званага, "сіндрому эмацыйнага выгарання". Акрамя таго, жыхары Бруселя не ўпэўненыя, што павелічэнне колькасці салдат на вуліцах засцеражэ сталіцу ад новых гіпатэтычных тэрактаў.