Чым зараз жыве Кіеў?

27 декабря 2015

І, безумоўна, 17-гадзінная сустрэча, кава вёдрамі ў якасці легальнага допінгу, вось яна - самая працяглая палітычная дыстанцыя 2015. І хоць, вядома, у мінскім восеньскім паўмарафоне на вуліцы выйшлі больш людзей, але на тое ён і паўмарафон, каб саступіць галоўнай падзеі для еўрапейскай бяспекі ў намінацыі "Марафон года".

Кубертэнаўскі прынцып - галоўнае не перамога, а ўдзел - не для гэтай падзеі. Ад іх, якія сабраліся ў Палацы Незалежнасці, пры мадэрыруючай ролі Прэзідэнта Беларусі ўсім патрэбна была адна перамога. Дыпламатычная!

Аб тым, чым жыве Кіеў праз год пасля самай доўгай ночы нармандскай "чацвёркі", гаворым з Сяргеем Гусачэнкам. Праблем, безумоўна, хапае, і Кіеву асабліва не да свят у гэтыя навагоднія дні. Крутое піке ВУП, падзенне прамвытворчасці, рост беспрацоўя і паслабленне нацыянальнай валюты, вялікі знешні доўг. Але, прынамсі, на Усходзе не гінуць людзі дзякуючы той самай доўгай перагаворнай ночы. Сімвалічна або не, але сустрэча нармандскай "чацвёркі" ў Мінску прайшла менавіта ў лютаўскія дні. Як раз за год да саміту - менавіта на марозны люты 14-га прыпаў пік палітычнага крызісу ва Украіне. На Майдане гарэлі вогнішчы і палалі дамы, ад выстралаў гінулі людзі, а ў высокіх кабінетах змяняўся ўрад. Ад барыкад і палатак Майдан ачысцілі летам, і перад візітам у Мінск чатырох лідараў выглядаў ён гэтак жа, як і зараз, нібыта і не было чорнага дыму гісторыі.

Але ўздрыгваць ад залпаў пачаў Данбас. У пачатку гэтага года актыўныя баявыя дзеянні там вяліся на ўсёй лініі фронту. Другі люты запар Украіна прапахла порахам.

Смерць на Данбасе - фактычна кожны дзень. Гінуць тысячы, у тым ліку мірныя жыхары. Маштабныя разбурэнні, па сутнасці, гуманітарная катастрофа і сотні тысяч бежанцаў. Нарэшце, вялізная рызыка пашырэння канфлікту на іншыя рэгіёны краіны. У такіх няпростых умовах у Мінску збіраюцца лідары Расіі, Украіны, Германіі і Францыі. "Апошні шанц на шляху да міру" - такія загалоўкі суправаджаюць чацвёрку на шляху ў Беларусь.

Кадры мінскага саміту абляцяць усю планету. Гістарычныя навіны з Мінска перадаюць больш як паўтысячы журналістаў з Еўропы, Азіі, ЗША і краін Блізкага Усходу. Беларуская сталіца ў цэнтры сусветнай палітыкі. Пра гэта Аляксандру Лукашэнку скажа ўкраінскі лідар на сустрэчы напярэдадні саміту.

Пра мір дамовіліся. Але перамовы доўжыліся ўвесь вечар, усю ноч і ўсю раніцу - усяго 16 гадзін. На ўзроўні прэзідэнтаў яны сталі самымі доўгімі ў найноўшай гісторыі міжнароднай палітыкі.

Спыненне агню - толькі адзін з 13 пунктаў дакумента, які завізавала кантактная група. Там жа адвод цяжкага ўзбраення і вызваленне заложнікаў. Лідары нармандскай "чацвёркі" прапісалі і асобную дэкларацыю ў падтрымку мер па выкананні мінскіх дамоўленасцяў.

Руслан Бортнік, дырэктар Украінскага інстытута аналізу і менеджменту палітыкі: "Сустрэча ў нармандскім фармаце - адзіная эфектыўная рэч, якая была зроблена ва ўкраінскім крызісе за два гады. Паколькі гэтыя вынікі ўвайшлі ў аснову рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН па Украіне - адзінай рэзалюцыі, якую ўдалося дасягнуць па Украіне на такім узроўні".

Руслан у тую ноч, як і ўся Украіна, не заплюшчыў вачэй. Найважнейшыя ў гісторыі вырашэння ўкраінскага канфлікту перамовы адсочваў пастаянна. Ужо пасля іх назавуць палітычным прарывам, а слоўнік дыпламатычных тэрмінаў папоўніцца прыстаўкамі "мінскі".

Паводле звестак ААН, у канфлікце на паўднёвым усходзе Украіны загінула больш за 8 тысяч чалавек. Зараз у рэгіёне стала відавочна больш спакойна. Мінскія пагадненні пралангаваныя на 2016-ы, трохбаковая кантактная група і яе падгрупы працягнуць перамовы ў Мінску. Графік на студзень ужо звярстаны - першая сустрэча 13 студзеня.

Гарматы змоўклі, але ваююць зараз ва ўкраінскім парламенце. Дэпутаты не даюць сумаваць журналістам, пасяджэнні ператвараюцца часам у адкрыты фарс. Вось прэм'ера Яцанюка сцягваюць з трыбуны….

А гэта ўжо ва ўсіх сэнсах сілавы прыём кіраўніка МУС Авакава. Падчас абмеркавання нацыянальных рэформ ён запусціў шклянкай з вадой у Міхаіла Саакашвілі.

У гэты ж час эканоміка ў глыбокім сістэмным крызісе. Трывожныя лічбы за апошнія паўтара года: ВУП упаў прыкладна на траціну, на столькі ж - экспарт (нават у краіны ЕС), а інфляцыя перавысіла 70 %. Паралельна знізіліся і сацыяльныя стандарты. Напрыклад, у жыроўку зазіраць страшна - некаторыя паслугі ЖКГ падаражэлі ў 6-7 разоў. Эканоміку сёння называюць найбольш сур'ёзным выклікам для Украіны, а зіму і вясну будучага года - самымі складанымі ў суверэннай гісторыі.