Беларусь - Пакістан. Новая старонка адносін.

31 мая 2015
Што мы ведаем пра Пакістан? У літаральным перакладзе "краіна чыстых" размешчаная ў Паўднёвай Азіі. Гэта шостая па колькасці насельніцтва дзяржава планеты і вялізны рынак - амаль 200 мільёнаў чалавек. Пакістан узнік у 1947 годзе - пасля сыходу з рэгіёна брытанцаў. Англійская мова дагэтуль мае тут статус дзяржаўнай. Усяго ж у краіне гавораць на шасці мовах. Самыя папулярныя віды спорту - крыкет і хакей на траве. Тут жа зроблены кожны шосты футбольны мяч планеты. Пакістан экспартуе рыс, тэкстыль, скураныя вырабы. Імпартуе нафтапрадукты, машыны, пластмасы. Дарэчы, Пакістан - найбуйнейшы ў свеце вытворца валынак. Інструменты пастаўляюцца нават у Шатландыю.

І вось першы візіт Прэзідэнта Беларусі ў гэтую краіну. Пакуль не вельмі асвоеную нашай прамысловасцю, але, мяркуючы па ўсім, з нядрэнным патэнцыялам. Калі правільна знайсці пункты прыкладання. Пра тое, як гэтыя пункты вызначылі падчас цяперашняга візіту і пра патэнцыял вектара Мінск - Ісламабад рэпартаж Сяргея Гусачэнкі.

На вуліцах Ісламабада тысячы расцяжак і партрэтаў беларускага і пакістанскага лідараў. Так у паўднёваазіяцкай рэспубліцы сустракаюць далёка не кожнага прэзідэнта. Мільённыя тыражы мясцовых выданняў слова "Беларусь" нязменна выносяць на першыя палосы, а перамовы на вышэйшым узроўні тэлеканалы паказваюць у прамым эфіры. Гэты тыдзень у Пакістане сапраўды прайшоў пад знакам Беларусі, якая адкрывае новую старонку ў адносінах з ісламскай рэспублікай.

Міжнародныя дэлегацыі ў Ісламабадзе прымае аэрапорт Беназір Бхута. Аб'ект названы імем экс-прэм'ера краіны, якая 8 гадоў таму загінула ад рук тэрарыстаў. Водгаласы неспакойнай гісторыі, уздыхаюць мясцовыя жыхары. Пошукавыя запыты ў Інтэрнэце і сёння выдаюць Пакістан не заўсёды пазітыўным ньюсмейкерам.

Маркетолаг Ашфан Ахмад памятае тыя неспакойныя часы. Сёння па вуліцах горада ён гуляе свабодна. У сям'і трое дзяцей, жонка без працы. Гаворыць пра тое, што перамены ў Пакістане відавочныя, але краіне не хапае прамысловага патэнцыялу і добрых рабочых месцаў.

Ашфан Ахмад, маркетолаг: "Эканоміка Пакістана развіваецца, гэта відавочна. Але калі параўноўваць з іншымі краінамі, напэўна, стан складана назваць вельмі добрым. Але ўрад прыкладае сур'ёзныя намаганні. Я спадзяюся, што праца прынясе вынік. І ўзровень жыцця будзе паступова павышацца".

Пакістан (шостая па колькасці краіна ў свеце) штогод прырастае па сутнасці новым Мінскам - на 2 мільёны чалавек. Перспектыўны рынак па ёмістасці, як увесь еўразійскі, і мясцовыя візы ўсё больш актыўна адкрываюць замежныя бізнесмены. Калі дадаць яшчэ і суседзяў - Кітай, Іран, Афганістан і Індыю, выходзіць сапраўдны азіяцкі плацдарм.

Мінск гуляе на апярэджанне і спрабуе сёння замацавацца на перспектыўным рынку. Напярэдадні візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Пакістан упершыню адпраўляецца такая прадстаўнічая дэлегацыя з Беларусі. Бізнес-форум у Ісламабадзе доўжыцца некалькі дзён, і ўжо ў першыя гадзіны журналістам паведамляюць пра кантракты вагой на дзясяткі мільёнаў долараў, а міністр прамысловасці анансуе стварэнне адразу некалькіх СП.

Беларуская тэхніка ў асноўным для аграрнага сектара. У 60-я гады ў Пакістане адбылася так званая Зялёная рэвалюцыя. За кошт укаранення больш прадукцыйных сартоў злакавых сельская гаспадарка паступова выйшла на новы ўзровень. Сёння АПК - аснова эканомікі і фарміруе пятую частку ВУП, у галіне занятая амаль палова насельніцтва. І беларускія трактары ў размове - тэма нумар адзін. Яшчэ з савецкіх часоў на палях іх больш за 100 тысяч.

Сімвалічную стужачку ў Карачы перарэзалі як раз у дзень прылёту беларускага лідара. МТЗ стаў першапраходцам і ранней за іншых адкрыў зборачную вытворчасць на пакістанскай зямлі. Вось гэты трактар першым сышоў з канвеера.

За 60 кіламетраў на паўночны ўсход ад Ісламабада сваю тэхніку мае намер збіраць ужо "Амкадор". Аляксандр Шакуцін завод праінспектаваў асабіста - магутнасці дазваляюць збіраць да 15 тысяч адзінак за год. Пакуль аб'ёмы будуць, вядома, меншыя, але вопытны бізнесмен ужо пралічыў усе нюансы.

А вось пакістанская тэхніка пераліваецца ўсімі колерамі вясёлкі. Такое каларытнае афармленне для мясцовых вадзіцеляў - свайго роду традыцыя. Як толькі з'яўляюцца грошы, размаляваць кузаў запрашаюць спецыяльнага майстра. Роспіс грузавіка каштуе 4 тысячы долараў, вось толькі ў большасці машын далёка не вясёлкавы ўзрост, і пытанне абнаўлення актуальнае з кожным годам.

Зношанаму парку дапаможа МАЗ. Завод таксама падпісаў пагадненне аб стварэнні зборачнай вытворчасці ў Карачы. З канвеера будзе сыходзіць менавіта грузавая аўтатэхніка. Перспектыва - да паўтысячы адзінак за год. Восенню пачнуцца першыя пастаўкі камплектаў.

У перапынку бізнес-форуму ўдзельнікі п'юць індыйскі чай. Яго Пакістан завозіць мільёнамі кілаграмаў. Перад дзвюма краінамі стаіць падобная задача - скараціць імпарт і дыверсіфікаваць экспарт. Важны крок у гэтым напрамку зроблены. Створаны дзелавы савет, першае пасяджэнне якога пройдзе восенню ў Мінску.

Беларуская дэлегацыя ў Пакістане актыўна працуе ўвесь тыдзень. На сон часу застаецца няшмат. З самай раніцы сустрэчы ў розных частках Ісламабада, сферы абсалютна розныя, не толькі прамысловасць. Вось і старшыню Акадэміі навук мы заспелі адразу пасля перамоў з калегамі: пакістанскаму боку прапанавана 40 праектаў. Зусім хутка для іх канкрэтызацыі ў Ісламабад прыбудзе група беларускіх навукоўцаў.

Да прыезду беларускага Прэзідэнта падрыхтаваная сур'ёзная база: у пакеце паўтара дзясятка кантрактаў на суму звыш 50 мільёнаў долараў. Белшына павялічыць пастаўкі шын, мяса-малочныя кампаніі - прадуктаў харчавання. У сваю чаргу наша краіна гатовая нарасціць закупкі сухафруктаў і рысу.

На нагрэтую гарачым сонцам пакістанскую зямлю борт беларускага лідара прызямліўся ў чацвер. У мінулым засталіся пяць гадзін дарогі і больш за чатыры тысячы кіламетраў. Візіт гістарычны: у Пакістан Аляксандр Лукашэнка прыбыў упершыню. Ля ўзлётна-пасадачнай паласы дзясяткі тэлекамер, і нават перасовачная тэлевізійная станцыя. Партрэты ва ўвесь рост і расцяжкі на будынках: Аляксандра Лукашэнку ў Ісламабадзе вельмі чакалі - чытаецца і ў антуражы, і ў прывітанні прэм'ера ля трапа.

Прэм'ер-міністр Пакістана сустракае Прэзідэнта на базе ВПС "Нур Хан". Яна размяшчаецца на тэрыторыі аэрапорта. Але ў сталіцы сёння спакойна. Ісламабад актыўна будуецца і развівае інфраструктуру. Пераканацца ў гэтым можна па дарозе ў сталіцу: картэжу трэба праехаць каля 20-ці кіламетраў.

Сталіца Пакістана або горад чыноўнікаў, як яго называюць тут, размяшчаецца ля падножжа Гімалаяў. Цікава, што па колькасці гэта толькі дзясяты горад рэспублікі - тут пражывае крыху больш за мільён чалавек. У самым буйным - Карачы - у 13 разоў больш. З моманту незалежнасці менавіта там і размяшчалася сталіца, Ісламабад жа галоўным горадам рэспублікі стаў крыху пазней. Правабаковы рух і стабільныя плюс 40 градусаў летам для беларусаў крыху нязвыклыя. Паралельна з барацьбой з тэрарызмам і кліматычнымі сюзпрызамі Пакістан паслядоўна развівае аграрны сектар і прамысловасць.

З афіцыйнай рэзідэнцыі пакістанскага прэзідэнта адкрываецца маляўнічы від на высокія горы. Менавіта тут Мамнун Хусейн прымае ўсіх замежных гасцей. Яшчэ да пачатку перамоў тон задае кранальная цырымонія сустрэчы.

Прэзідэнты не бачыліся раней, але абмеркаваць трэба многае. І перш за ўсё эканоміку. У лістападзе ў Ісламабадзе адкрылася беларускае дыппрадстаўніцтва: тавараабарот пакуль невялікі, але перспектыва вялізная, і дыялог на вышэйшым узроўні здольны надаць ёй дадатковы імпульс.

Менавіта пра эканоміку большую частку часу і будуць гаварыць прэзідэнты. 60 мільёнаў долараў узаемнага гандлю - далёка не тая лічба, якой можна пахваліцца.

Пасля перамоў пакістанскі лідар запрашае калегу на афіцыйны абед у гонар Прэзідэнта Беларусі. Перш чым сесці за стол, нязменны поціск рукі з усімі членамі дэлегацыі. Важная частка мясцовага пратакола. Ёсць магчымасць абмеркаваць праекты ў больш нязмушаным становішчы.

У індустрыяльным сектары азіяцкай рэспублікі сярод ключавых тэкстыльная галіна. Пакістан - адзін з сусветных лідараў па вытворчасці бавоўны (у краіне звыш 300 буйных фабрык). У сямейным бізнесе працаваў і прэзідэнт Пакістана. Для Беллёгпрама гэта сапраўдная скарбніца сувязных нітак. Дамовіцца атрымалася наконт многага.

Традыцыі рэспублікі моцныя таксама ў гарбарнай галіне. Перапрацоўкай займаюцца сотні гадоў, тэхналогіі прывезлі англічане яшчэ ў пазамінулым стагоддзі. Без Пакістана не абыходзіцца ні адзін футбольны чэмпіянат свету і кожны гол з пакістанскім адценнем: менавіта тут вырабляюць афіцыйныя футбольныя мячы, штогод на рынак іх пастаўляюць 40 мільёнаў. Беларусы мясцовую сыравіну будуць выкарыстоўваць для вытворчасці абутку.

ВУП Пакістана расце дзесяць гадоў запар. Не распешчаная вуглевадародамі краіна вымушаная ўкладваць у тэхналогіі, новыя вытворчасці і асваенне карысных выкапняў. Разведку і здабычу дапамогуць арганізаваць нашы геолагі – рамачнае пагадненне падпісанае. Сёння беларусам таксама прапануюць пабудаваць завод па выпуску ўгнаенняў і перапрацоўцы гародніны.

Іфтыхар Бабар, сакратар Агенцтва па інвестыцыях пры Кабінеце прэм'ер-міністра Пакістана:

"Беларусь для нас - новы і перспектыўны напрамак для развіцця гандлёвых і інвестыцыйных адносін. Зборка беларускіх трактароў - толькі адна са сфер. Мы займаем пятае месца ў свеце па пастаўцы садавіны і гародніны, але ў нас недастаткова практыкі экспертызы, кантролю і замарозкі. Таму мы запрашаем Беларусь пабудаваць некалькі заводаў па перапрацоўцы".

Махамед Іліяс Горы, кіраўнік савета па інвестыцыях правінцыі Пенджаб: "Два тыдні таму я суправаджаў пакістанскую дэлегацыю ў Беларусь. Нас сустрэлі з вялікай гасціннасцю. Мы адкрылі шмат новых сфер для супрацоўніцтва. Нам цікавы ваш вопыт у розных сферах. Ён дапаможа выйсці эканоміцы на новы ўзровень".

У другі дзень візіту картэж беларускага лідара ў рэзідэнцыі прэм'ер-міністра ісламскай рэспублікі. Нібы па заказе ў Ісламабадзе крыху пахмурна і не так горача - фактычна беларускае лета.

Аляксандр Лукашэнка і Наваз Шарыф размаўляюць у вузкім і шырокім фарматах, але журналістам даступны толькі невялікі пратакол. Пасля перамоў палітыкі выйдуць да СМІ, але спачатку, бадай, самая прыемная цырымонія афіцыйнага пратакола - падпісанне двухбаковых дакументаў. І першым пунктам у ёй - дэкларацыя беларуска-пакістанскага партнёрства.

Вынікамі перамоў бакі задаволеныя. На гэта намякае і беларускі Прэзідэнт. Як пацвярджэнне таму жэст, не прадугледжаны праграмай раней: Кіраўнік дзяржавы ўручае прэм'еру сертыфікат, дзе адлюстраваны першы трактар, сабраны ў Карачы.

Пагадненняў і мемарандумаў два дзясяткі. Дамовіліся пашырыць узаемадзеянне ў прававой і ваенна-тэхнічнай сферы, у галіне адукацыі, навукі і тэхналогій. Адразу некалькі дакументаў датычацца інфармацыйнай плоскасці. Мемарандумы аб паразуменні падпісалі знешнепалітычныя ведамствы і міністэрствы прамысловасці дзвюх краін.

Пакістан для Беларусі - перспектыўны партнёр у Азіі, падкрэсліць Аляксандр Лукашэнка, падводзячы вынікі перамоў. А таму і супрацоўніцтва павінна быць усебаковым. Ужо ў жніўні пакістанскі прэм'ер прыляціць у Мінск. Таксама ў беларускай сталіцы з'явіцца і дыппрадстаўніцтва Пакістана.

У Пакістане вялізны рынак, у Беларусі сучасныя тэхналогіі - выгада ўзаемная. На перспектыўным 200-мільённым рынку наша краіна спрабуе замацавацца загадзя. Зрэшты, адчыняючы і свае дзверы. Так, у Кітайска-беларускім індустрыяльным парку чакаюць пакістанскія кампаніі.

Пасля зносін з журналістамі яшчэ адзін прыемны момант, не адзначаны ў праграме. Аляксандр Лукашэнка ўручае Навазу Шарыфу падарунак. Як сябру. Такая ў Беларусі традыцыя, скажа Кіраўнік дзяржавы прэм'еру.

Ужо па дарозе ў аэрапорт беларускі лідар заязджае ў гістарычны цэнтр Ісламабада для ўдзелу ў цырымоніі, якая для першага візіту здаецца знакавай удвая. Парк "Шакарапарыян" (у перакладзе з пенджабскага "месца адпачынку"). На вяршынях растуць сады ружаў і язміну, а таксама дрэвы, пасаджаныя кіраўнікамі дзяржаў, якія наведвалі Пакістан. Сёння ў парку з паўвекавой гісторыяй з'явілася і магнолія Прэзідэнта Беларусі. Вечназялёнае дрэва ў алеі стала юбілейным - 125-м.

Доўгія гады эканамічныя кантакты паміж Ісламабадам і Мінскам практычна адсутнічалі. І сёння краінам, відавочна, ёсць што наганяць. Зрэшты, Беларусь для мясцовых жыхароў зусім не экзатычная краіна.

Імран Ахмет медыцынскую адукацыю атрымаў у Мінску. Пасля паехаў працаваць у Швейцарыю, а некалькі гадоў таму вярнуўся на радзіму. Ён працуе кардыёлагам і марыць тут адкрыць сваю клініку. А Беларусь называе маленькай, але класнай краінай.

Вадхвані Кумар некалькі гадоў таму прайшоў па тым жа маршруце. У мінскім офісе ён прадстаўляе буйную фармацэўтычную кампанію Пакістана. У Карачы завод вырабляе прэпараты, прадаюць лекі ў тым ліку ў СНД. Беларусь – адзін са стратэгічных напрамкаў.

Вадхвані Джагдэш Кумар, намеснік кіраўніка прадстаўніцтва фармацэўтычнай кампаніі ў Беларусі: "Беларусь - адзін з буйных рынкаў пасля Расіі і Украіны. У нас прэпараты сезоннага характару. У сезон ідуць прэпараты раслінныя, яны больш бяспечныя, добры давер насельніцтва, таму добра ідуць прэпараты".

Пакістанскіх кампаній у Беларусі пакуль няшмат. Але вакцыну для дзелавых кантактаў, відаць, знайшлі ля падножжа Гімалаяў. Сур'ёзная колькасць падпісаных пагадненняў павінна ператварыцца ў кантракты і канкрэтныя грошы. А значыць і Вадхвані Кумар у хуткім часе правядзе экскурсію па Мінску для прадстаўнікоў пакістанскага бізнесу.