Усе раёны Мінскай вобласці пачалі ўборку збожжа, а масавае жніво стартуе на наступным тыдні

12 июля 2023

У беларускіх палях пасля гарачых выпрабаванняў надвор'ем набірае градус уборачная кампанія. Да жніва прыступілі ўсе рэгіёны Мінскай вобласці. У лідарах па намалоце - Нясвіжскі, Клецкі, Дзяржынскі і Мінскі раёны. З аднаго гектара там атрымліваюць звыш 50 ураджайных цэнтнераў.

Вызначыліся напярэдадні і першыя тысячнікі ў гаспадарцы "Кухчыцы" Клецкага раёна. На асабістым рахунку камбайнераў - тысяча тон абмалочанага збожжа азімага ячменю. На гэтую культуру робяць стаўку аграрыі Мінскай вобласці і штогод павялічваюць плошчы пасеваў.

Усяго ў палі Мінскай вобласці выйдуць 1700 камбайнаў. Больш за 10 % - гэта сямейныя і маладзёжныя экіпажы. Акрамя азімага ячменю, паўднёвыя раёны зараз убіраюць сурэпіцу і рапс. На чарзе таксама трыцікале і пшаніца. Масавае жніво стартуе на наступным тыдні.