Усе вобласці Беларусі настроены правесці жніво ў аптымальныя тэрміны

6 августа 2018

Гарачае дыханне жніўня накрыла і нашы сельскія ўгоддзі. Але сухія дні дапамагаюць аграрыям не змяншаць тэмпы. Сёння на рахунку ўборачнай і першая вобласць-мільянер. Запаветную мяжу пераадолелі хлебаробы сталічнага рэгіёна. Тут застаецца ўбраць крыху больш за траціну плошчаў. Праца ў палях пачынаецца на досвітку. Па тэмпах наперадзе па-ранейшаму Брэсцкая вобласць. Тут ужо выйшлі на фінішную прамую - засталося 15 % плошчаў. Сярэдняя ўраджайнасць па краіне амаль 30 цэнтнераў з гектара. Паказчык, вядома, меншы, чым летась. Але, як гаворыцца, не той хлеб, што на палях, а той, што ў засеках. Аграрыі ведаюць, што галоўнае - убраць без страт. Каравайную норму дабяром і кукурузай. Усе вобласці настроеныя правесці жніво ў аптымальныя тэрміны. У атмасферу сельскіх будняў акунулася і Аляксандра Кавеліч.

Ледзь развіднела, і гэтыя камбайны адправіліся ў палі. І хоць свой ураджай сабраны (у некаторых гаспадарках Любанскага і Старадарожскага раёнаў ужо гатовыя адзначаць дажынкі) экіпажы імкнуцца на дапамогу суседзям у Чэрвеньскі.

У Чэрвеньскім раёне пакуль апрацавана крыху больш за 40 % плошчаў.

Такая ж сітуацыя і на поўначы вобласці. У Крупскім раёне дапамога калег як раз дарэчы. Праца ў палях не павінна спыняцца.

Толькі на гэтым полі залатыя каласы зразаюць адразу 10 машын. Дзмітрый Шалбанаў перад стартам па-гаспадарску аглядае тэхніку. Камбайнер ужо пятае лета ўбірае хлеб.

І не толькі на засеяных тэрыторыях. Зернесушыльныя комплексы цэлы дзень прымаюць грузавікі з пшаніцай і ячменем.

Машыны з новым ураджаем тут курсіруюць у рэжыме нон-стоп. У кожнай каля 20 тон спелага збожжа. Далей працэс цалкам аўтаматызаваны. У гэтых кантэйнерах збожжа чысціцца, пасля трапляе ў спецыяльныя бункеры. Дзякуючы сучаснай тэхналогіі на сушку ідзе ўсяго каля хвіліны. І збожжа гатова да далейшай апрацоўкі.

Дарэчы, каравай Мінскай вобласці сёння стаў самым "пышным" у краіне. Рэгіён першым перасягнуў адзнаку ў мільён тон. Наперадзе трэба убраць яшчэ 30 % плошчаў.

Першы год у тандэме і ўжо сярод рэкардсменаў. У Магілёўскай вобласці сёння віншуюць першых 2-тысячнікаў. Аляксей Макосаў і Мікалай Мінчанка ўпрыгожылі кабіну свайго камбайна адметным знакам.

Усяго па краіне ўбрана больш за 50 % плошчаў. Ужо намалочана звыш 3 з паловай мільёнаў тон збожжа.

Але пераменлівае надвор'е ўплывае на вагу каравая і не толькі ў Беларусі.

Засуха прымушае нервавацца аграрыяў ва ўсім свеце. Паўднёвай Еўропе пагражае рэкордны неўраджай. Зборы збожжа могуць скараціцца на 70 %. У небяспецы пшаніца ўсіх разнавіднасцяў, сланечнік, аліўкі, міндаль. Паводле слоў італьянскіх фермераў, гэты год нельга назваць нават дрэнным - ён катастрафічны. У Расіі прагназуюць 25 % недабору збожжа да ўзроўню мінулага года.

Такая сітуацыя ў еўрапейскіх краінах паўплывала і на аграрную карту Беларусі. Пра тое, што трэба звярнуць больш увагі на ўборку кукурузы і нарыхтоўку кармоў, гаварыў і Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка гэтымі днямі асабіста кантралюе ход уборачнай кампаніі ў краіне.

Галоўная просьба Кіраўніка дзяржавы - сабраць усё да зярнятка, але не на шкоду людзям.

Тым больш што ўмовы для гэтага ёсць. Першай да фінішу ідзе Брэсцкая вобласць. Засталося ўбраць каля 10 % плошчаў. У Гродзенскім рэгіёне - 20. Больш за ўсё трэба яшчэ папрацаваць аграрыям Магілёўскай вобласці. Там убраная палова палёў.