Віцебскую швейную фабрыку "Сцяг індустрыялізацыі" адкрылі больш як 80 гадоў назад

13 ноября 2017

Акцэнт на якасць і асваенне новых перспектыўных кірункаў. Такія задачы стаяць перад калектывам аднаго з найстарэйшых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці Беларусі - "Сцяг індустрыялізацыі". Віцебскую швейную фабрыку адкрылі больш як 80 гадоў назад. Зараз тут працуюць каля 800 чалавек. Пры гэтым адкрываюцца і філіялы. Напрыклад, у малых гарадах Обаль і Барань. Марына Раманоўская вывучыла стратэгію развіцця прадпрыемства і пазнаёмілася з працаўнікамі, на якіх трымаецца вытворчасць.

Антаніна Макрынава ў наступным годзе адзначыць юбілей - роўна сорак гадоў назад яна прыйшла працаваць на фабрыку. Успамінае, як доўгі час шыла шынялі. Усю працу прыходзілася выконваць на старых машынах: працэс быў доўгі і працаёмкі. З тых часоў абсталяванне на фабрыцы абнаўлялася не раз. Некаторыя рарытэты захаваліся хіба што ў музеі прадпрыемства.

Гісторыя швейнай фабрыкі пачалася больш як 80 гадоў назад. Яна стала адной з першых, якую пабудавалі ў Савецкім Саюзе. Тады тут працавалі чатыры з паловай тысячы чалавек. У асноўным выпускалі вопратку.

Зараз асартымент значна шырэйшы. А працаваць у цэхах стала нашмат прасцей. Касцяк - швачкі з вялікім працоўным стажам, сярод якіх і Антаніна Макрынава. Гаворыць, вывучыць новае абсталяванне было не складана, галоўнае - жаданне.

Стаўку, як і раней, прадпрыемства робіць на якасць. Працуе і на ўнутраны, і на знешні рынкі: Расія, Літва, Латвія. Канкурыраваць, прызнаецца кіраўнік Андрэй Шамшура, не проста. Але сваю нішу знайсці атрымалася.

Андрэй Шамшура, дырэктар ААТ "Сцяг індустрыялізацыі": "Мы можам выпускаць дробнымі партыямі. І заказчыку цікава. Ён ведае, што паставіўшы нам сыравіну ў маі - ён у чэрвені-ліпені атрымае прадукцыю. Досыць хутка зможа адгрузіць кліенту. Калі мадэль удалая, заказчык можа яе дазаказаць".

На прадпрыемстве працуюць больш за 800 чалавек. Нядаўна пачалі выпускаць адзенне з трыкатажнай тканіны. Філіялы адкрыліся ў Обалі і Барані. А гэта больш як паўсотня новых рабочых месцаў. Развіваць вытворчасць у малых гарадах плануюць і далей. Аб гэтым ішла размова і на сустрэчы кіраўніка медыяхолдынга краіны з працоўным калектывам фабрыкі.

Генадзь Давыдзька, старшыня Белтэлерадыёкампаніі: "Вельмі добрая прадукцыя, гібкая палітыка ў вытворчасці. Не заседжваюцца на адным месцы, знаходзяць дасціпныя рашэнні кіраўніцкія, эканамічныя. Не ўсё гладка, натуральна, але атрымліваецца. Прыклад такіх прадпрыемстваў трэба тыражаваць для тых, хто сядзіць, хто ляжыць".

Калектыў прадпрыемства ў асноўным жаночы. Але ў пашывачным цэху праца ёсць і для мужчын. Дзмітрый Мяшкоў прызнаецца, швейнай справе навучыўся зусім нядаўна. Аднак вынік ужо паказвае нядрэнны.

Дзмітрый Мяшкоў, працаўнік пашывачнага цэха ААТ "Сцяг індустрыялізацыі": "Ёсць да чаго імкнуцца, галоўнае, што падабаецца. Калектыў вельмі добры, я задаволены".

Дапамагчы асвоіць усе тонкасці гатовы і вопытныя швачкі. Сакрэт майстэрства Антаніны Макрынавай просты - да справы трэба падыходзіць адказна і любоўю. І тады нават складаная манатонная праца зайграе яркімі фарбамі. Як і новая вясенне-летняя калекцыя.