У паўднёвых рэгіёнах Беларусі стартавалі палявыя працы

16 марта 2019

Правяраецца не толькі тэхніка, але і стан палёў. І калі выправіць недахопы транспарту можна хутка, то з праверкай стану шматгектарных палёў могуць узнікнуць некаторыя цяжкасці, якія чалавечым поглядам не заўсёды магчыма вызначыць. Вось тут і прыходзяць на дапамогу беларускім аграрыям высокія тэхналогіі. Наш карэспандэнт сустрэўся з распрацоўшчыкамі ўнікальнага дадатку, які дазваляе сачыць за ўзроўнем ураджайнасці дзякуючы інфармацыі са спадарожніка. Пра касмічныя вынікі ў фермерскай справе Мікіта Дзяменцьеў.

Вось мы зараз знаходзімся тут. Пэўна ў гэтым месцы адбыліся нейкія выбрыкі. Тут ужо аграном павінен туды прыехаць і разабрацца, у чым праблема.

Выявіць праблему зараз не складае цяжкасцяў, упэўніваюць Усевалад і Піліп. Стваральнікі дадатку OneSoil шматгадзінную, а то і шматдзённую працу ў полі ператварылі ў пару клікаў на камп'ютары. Звесткі са спадарожніка падказваюць фермеру, колькі трэба занесці ўгнаення на асобным участку, а сачыць за станам грунту, глебы або пасеваў стала значна прасцей.

Пасля эксперыментаў проста ў полі і атрыманых здымкаў з космасу ствараюцца карты земляных участкаў, на якіх адлюстроўваецца сённяшні стан ураджаю.

З гэтым дадаткам фермерам зараз няма неабходнасці абыходзіць усе свае ўгоддзі. Досыць зайсці ў тэлефон, увесці патрэбныя карэкціроўкі - і можна пачынаць працу.

Але за такой прастатой стаяць гады карпатлівай працы маладых беларускіх праграмістаў і аграномаў. Усевалад, які абараніў кандыдацкую па аграхіміі, жартуе, што яго заўсёды цягнула да зямлі.

Усевалад Генін, заснавальнік праекта OneSoil: "Немагчыма стварыць якасны дадатак для аграрыяў без палявых эксперыментаў. Мы гэта добра разумеем, і сёлета мы пачынаем праграму для ўсіх фермераў у свеце, у тым ліку і для беларускіх аграрыяў".

Дарэчы, беларускія аграрыі ўжо карыстаюцца падобнай сістэмай пад назвай "Дакладнае земляробства". Першапачаткова яна была зробленая пад тэхніку: каардынавала маршрут у полі, сачыла за эканоміяй паліва і праводзіла лакальную дазіроўку ўгнаенняў або насення на ўчастку. У агракамбінаце "Ждановічы" гэтай сістэмай паспяхова карыстаюцца 10 гадоў. За гады службы нараканняў у кіраўніцтва не выклікала. Праца аптымізавалася, а прадукцыйнасць узрасла на 30 %. Але і гэта не максімум.

Сёння сістэму дакладнага земляробства прапаноўваюць зрабіць яшчэ больш дакладнай. У Мінсельгасхарчы сумесна з Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі вядуцца распрацоўкі па яе паляпшэнні, каб павялічыць эфектыўнасць яшчэ на 15 %. Задача, пастаўленая Кіраўніком дзяржавы, - укараніць новыя тэхналогіі для скарачэння страт у аграрнай сферы. Такую мэту паставілі на 2020 год.

Іншымі словамі, усе гэтыя новыя распрацоўкі нацэленыя на павышэнне якасці ўраджаю, яго павелічэнне і паніжэнне сабекошту. Дарэчы, пра цану: дадатак OneSoil ад нашых навукоўцаў унікальны яшчэ тым, што абсалютна бясплатны, у адрозненне ад меней інфарматыўных замежных аналагаў, і карыстацца ім могуць як дачнікі-аматары, так і буйныя агракамбінаты.

Развіццё інавацыйных падыходаў у аграрнай сферы - у ліку першых задач дзяржавы. І зараз, перад пачаткам пасяўной кампаніі, гэта вельмі актуальнае пытанне, рашэнне якога шмат у чым залежыць і ад маладых спецыялістаў.