У Віцебскай вобласці нарыхтоўваюць бульбу і яблыкі

31 августа 2019

Праца кіпіць і на палях, і ў садах. Пакуль аграрыі збіраюць ураджай бульбы і агародніны, садаводы нарыхтоўваюць яблыкі. У Віцебскай вобласці самыя вялікія сады і бульбяныя плантацыі знаходзяцца ў Талачынскім раёне. Пад другі хлеб адведзена 900 гектараў. У наступным годзе плошчу плануюць павялічыць. Ураджай бульбы радуе аграрыяў. На некаторых палях збіраюць па 600 цэнтнераў з гектара. Марына Раманоўская раскажа больш падрабязна. 

На палях уся бульбаўборачная тэхніка. У паўночным рэгіёне краіны менавіта Талачынскі раён першым прыступае да ўборкі ўраджаю. Тут самыя вялікія ў Віцебскай вобласці бульбяныя плантацыі. Першай спее “гала” - сярэдняя ураджайнасць больш за 500 цэнтнераў з гектара. 

За дзень адна машына робіць па 5-6 рэйсаў ад поля да сховішча. У камерах - адборныя клубні. Некандыцыя ідзе на перапрацоўку. Сучасныя сховішчы ўмяшчаюць 24 тысячы тон. Першую партыю новага ўраджаю паспелі адправіць і на экспарт у Расію. Даспадобы беларуская бульба таксама жыхарам Малдовы, Сербіі, Турцыі і Македоніі. 

Эксперыментавалі на палях і з гатункамі для бульбы фры. У Талачыне ўзводзяць цэх, дзе паўфабрыкат будуць выпускаць у вялікіх аб'ёмах. 

Працуюць аграрыі і ў палях, і ў садах. Зараз час збору яблыкаў. Гэта яшчэ адзін брэнд Талачынскага раёна. Пад яблыневы сад адведзена больш за 300 гектараў. Амаль усе гатункі - беларускай селекцыі. Яны ўстойлівыя да замаразкаў і доўга захоўваюць таварны выгляд. 

Алена Хаткевіч садаводам працуе больш за 10 гадоў. Гаворыць, яе прафесія дазваляе ўбачыць сакавітыя колеры кожнай пары года. Вясной зачароўвае цвіценне садоў, а восенню захапленне дорыць шчодры ўраджай. Зараз збіраюць “каваленкаўскія” яблыкі. Хутка на дапамогу садаводам прыедуць студэнты. 

На лініі сартавання льюцца рэкі з яблыкаў. Вадзяная падушка прадухіляе пашкоджанне пладоў. Далей яблыкі праходзяць праз фотазону. Успышка вызначае, у якую скрыню трапіць фрукт. Ураджай упакоўваюць і  на прылавак.

Апад да пакупніка дойдзе у выглядзе сокаў і нектараў. Тэхнолагі прадпрыемства распрацоўваюць новую рэцэптуру напітку прамога адціскання, цукар у якім заменіць салодкая груша.