Ва ўборцы лёну некаторыя раёны перасеклі экватар

8 августа 2019

Ва ўборцы лёну некаторыя раёны краіны перасеклі экватар. Дзесьці нават фінішавалі. Да адзнакі  90 % убраных плошчаў набліжаюцца на паўднёвым усходзе. У Гомельскай вобласці сёлета пад лён аддалі на 500 гектараў больш, чым у 2018. Сеялі толькі ў шасці лепшых раёнах. Вырашчаную сыравіну чакаюць і на мясцовых заводах, і на прадпрыемствах у іншых абласцях, і нават у іншых краінах. Пры гэтым асартымент прадукцыі з беларускага лёну на заводах пастаянна пашыраюць. Пра эканоміку беларускага шоўку  ў рэпартажы Ганны Кавалёвай

Ігар Бадзянкоў лён убірае  17-ы раз. У сваім калектыве  перадавік. Сакрэты поспеху па спадчыне атрымаў ад бацькі. Сёння за рулём з 7 раніцы. З ім на кармянскіх палях  яшчэ 24 трактарысты.  

Убраць лён - не поле перайсці, жартуюць аграномы. Культура  капрызная. Часам  можа і зусім не ўзысці. У яе райдары  цэлы набор аграхімічных паказчыкаў. Глеба не павінна быць кіслай. Фосфару і калію  не менш за 200 міліграмаў на кілаграм. А пасля ўборкі поле павінна адпачыць  мінімум 5 гадоў. Пакуль жа  культуру зрэзалі і пакінулі адпачываць прыкладна на 20 дзён. 

Віктар Кавалёў, дырэктар філіяла ААТ "Гомельлён" "Кармянскі льнозавод": "Мы трымаем лён-даўгунец, які падышоў да стадыі цераблення. Вы бачыце, ужо галоўкі гатовыя, карычневага колеру. Гэта гаворыць пра тое, што поўная спеласць".

У раёне сеюць 9 сартоў. Амаль усе  беларускай селекцыі. Флагманскі - "гранд". Ён самы ўстойлівы. А для паўднёвага-ўсходу краіны  гэта асабліва важна. Дарэчы, сёлета, каб мінімізаваць страты ад спякоты, гомельскія палі апрацавалі спецыяльнымі прэпаратамі. У іх  мікраэлементы, якія затрымліваюць вільгаць і дапамагаюць расліне выжыць. Таму заводы без сыравіны не застануцца.

Пасля таго як лён выцераблены і адляжаўся, яго згортваюць вось у такія рулоны. Прывозяць сюды,  на льнозавод. Тут яго чакае апошні вытворчы этап. 

Усяго ад зернятка да гатовай сыравіны - 28 тэхналагічных этапаў. На Кармянскім льнозаводзе на вынік працуюць круглыя суткі. Новая лінія не спыняецца і зімой. Вытворчасць безадходная. Нават з умоўнага льнянога смецця тут выпускаюць экалагічную прадукцыю - паліўныя брыкеты. У месяц  100 тон. Для параўнання, адна тона такога льнянога паліва замяняе адразу 4 тоны дроў. Аднак мэтавае прызначэнне завода - усё ж сыравіна для лёгкай прамысловасці.

І гэта не адзінае, у што ў выніку можна ператварыць лён. 

Напрыклад, тут,  у Гродне, дзякуючы  інавацыйным тэхналогіям з беларускага шоўку вырабляюць ватовыя вырабы, спецыяльную бялізну, прасціны і тавары для нованароджаных. Натуральная сыравіна - лён - дазваляе атрымліваць прадукцыю не толькі з пазнакай "высокая якасць", але і са знакам стапрацэнтнай экалагічнасці.  

Экспартны партфель беларускіх льнозаводаў пастаянна пашыраецца. Толькі з Кармы прадукцыю пастаўляюць у Кітай і Прыбалтыку. Эканамічная выгада  адчувальная, бо сыравіна выключна ўласная. Сёлета гаспадаркі краіны павялічылі пасяўныя плошчы, а мадэрнізацыя вытворчасцяў спрыяе паляпшэнню якасці беларускага шоўку.