У цэнтральным рэгіёне пачалася масавая ўборка цукровых буракоў

3 октября 2014

Салодкія караняплоды культывуюць у 16-ці раёнах вобласці. У лідарах па ураджайнасці Слуцкі і Нясвіжскі. Позняя сяўба і гарачы жнівень крыху сапсавалі чаканні аграрыяў. Аднак наперадзе яшчэ месяц напружанай працы на палях.


Пра планы на салодкі ўраджай раскажа Аляксандр Харавец. Літаральна тры хвіліны і 20-тонны грузавік напаўняецца цукровымі буракамі. За змену Віктар Палішчук на пагрузчыку загружае амаль сто машын, а гэта 2 тысячы тон салодкіх караняплодаў. Вадзіцель прызнаецца: праца хоць і адказная, аднак на дапамогу прыходзіць сучасная тэхніка.


Акрамя пагрузкі, камбайн адразу і дачышчае буракі ад смецця і бацвіння. Таму на завод караняплоды адпраўляюцца без лішняй вагі.


Цукровыя буракі ў СВК Гарадзея вырошчваюць больш за 15 гадоў. Сёлета пад салодкія караняплоды адвялі каля паўтысячы гектараў. На круг тут збіраюць амаль 500 тон. Позняя сяўба і засушлівае лета паўплывалі на рост буракоў, аднак наперадзе яшчэ месяц уборкі. За суткі караняплод прырастае на 5 грамаў і набірае цукар.


З 330-ці ў ста гаспадарках цэнтральнага рэгіёна вырошчваюць цукровыя буракі. Палова СВК свой ураджай адпраўляе на цукровы камбінат у Гарадзею. Сёння на завод паступіла больш за 200 тысяч тон сыравіны.


З аднаго такога караняплода вагой крыху менш за кілаграм атрымліваецца каля 100 грамаў цукру. За суткі завод перапрацоўвае больш за 9 тысяч тон буракоў, а гэта 1300 тон салодкага прадукту.


Сёлета на прадпрыемстве плануюць выпусціць больш за 150 тысяч тон цукру. Зараз раннія гатункі буракоў з палёў адразу ідуць на перапрацоўку. На доўгае захоўванне караняплоды пачнуць закладваць з наступнага тыдня.


Ну а што да ўборкі буракоў з палёў, то яе аграрыі плануюць завяршыць да пачатку лістапада. З 37-мі тысяч гектараў трэцяя частка ўжо адпраўленая на перапрацоўку.