У Мытным саюзе створаць незалежную лабараторыю для кантролю якасці сельгаспрадукцыі

28 ноября 2014

У Мытным саюзе плануюць стварыць незалежную лабараторыю для кантролю якасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Пра гэта сёння заявіў намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіл Русы на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі. Такое рашэнне звязана з абмежаваннем паставак беларускай прадукцыі ў Расію ў сувязі з нібыта няякасным таварам. Праца па стварэнні незалежнай лабараторыі ўжо пачалася. Не выключана, што ў найбліжэйшы час да яе далучацца спецыялісты з Еўрасаюза. Паводле слоў удзельнікаў пасяджэння, пытанне з эмбарга неўзабаве павінна вырашыцца. У пачатку снежня прыедуць ветэрынарныя спецыялісты з Расіі, Украіны і Заходняй Еўропы, пасля чаго з расійскім бокам будуць падпісаны неабходныя дакументы. Як падкрэсліў Міхаіл Русы, сумненняў у якасці нашай прадукцыі ў яго няма. Падобная мера расійскіх калег, паводле яго слоў, можа быць адным з відаў канкурэнтнай барацьбы. Бо ўся наша прадукцыя дэталёва правяраецца.

Міхаіл Русы, намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі: "Я ўпэўнены ў нашай прадукцыі, адназначна ўпэўнены. Магу больш сказаць, абсалютна ўпэўнены. Па любым на сёння, калі паглядзець. У нас ёсць ветэрынарны цэнтр, яго праверыў Еўрасаюз, таму што мы пастаўляем частку прадукцыі на Еўрасаюз. Усе нашы падыходы, падрыхтоўка спецыялістаў, акрэдытацыя методык прызнаныя адпаведнымі".

Аляксандр Юркевіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па аграрнай палітыцы: "Сітуацыя, якая склалася, даволі непрыемная. Тым не менш, думаю, рашэнне будзе ў найбліжэйшы час знойдзена. Таму што якасць нашай прадукцыі высокая, і запатрабаванне, і попыт. На рынку РФ таксама высокі. Я думаю, сітуацыя будзе вырашана і праблем не будзе".

Падчас даклада аб развіцці аграпрамысловага комплексу гаворка ішла і аб сховішчах для агародніны. Іх плануюць аснасціць абсталяваннем для перадпродажнай падрыхтоўкі. Каб у магазіны, напрыклад, маглі паступаць мытыя і ачышчаныя прадукты.