У Сочы пройдзе другі форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі

10 сентября 2015

Наконт прамысловай кааперацыі, сумесных вытворчасцяў і гандлю будуць гаварыць у Сочы. Праз тыдзень там пройдзе другі форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Удзел у ім возьмуць каля 400 прадстаўнікоў дзвюх краін. Акрамя дзелавой праграмы на плошчы Паўднёвага мола адкрыецца кірмаш беларускіх і расійскіх вытворцаў. Якія пытанні абмяркуюць бізнесмены і палітыкі і якія меркаваныя сумы кантрактаў? Падрабязнасці ў Святланы Лук'янюк.

Гэтыя кадры зробленыя ў сакавіку. Беларускі Прэзідэнт вітае губернатара Арэнбургскай вобласці. Сярод расійскіх гэты рэгіён - лідар па гандлі з нашай краінай.

Гэта добра відаць з табліцы асноўных эканамічных партнёраў. Арэнбург сёння хоць і на вяршыні топ-спісу, але вялікімі лічбамі пахваліцца не можа. Яшчэ два гады таму тавараабарот перавышаў мільярд долараў. Летась скараціўся ўдвая.

Кіраўнік вобласці Юрый Берг гатовы прыкласці максімум намаганняў, каб вярнуць былы гандаль. Наконт гэтага гаварылі нядаўна з віцэ-прэм'ерам Беларусі Анатолем Калініным. Крокам наперад можа стаць адкрыццё на Урале гандлёвага прадстаўніцтва Беларусі. Намер прапісалі ў плане работы на два гады. У дзелавых колаў і чыноўнікаў ёсць узаемная цікавасць і ў кааперацыі. Як раз гэтая схема ў прыярытэце двухбаковага супрацоўніцтва.

За два гады Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з двума дзясяткамі прадстаўнікоў расійскіх рэгіёнаў. Гэтыя візіты ў тым ліку як пошук рэзерваў для дадатковых нулёў у сумесным тавараабароце. Леташняя скарбонка ў 40 мільярдаў долараў далёка не мяжа. Новыя праекты эканамічнай інтэграцыі назавуць праз тыдзень у Сочы на другім форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Правадніком беларуска-расійскіх адносін выступіў Савет Федэрацыі. Аляксандр Лукашэнка і Валянціна Мацвіенка дамовіліся наконт новай пляцоўкі для супрацоўніцтва. Першы форум рэгіёнаў прайшоў летась у Мінску. І быў прысвечаны развіццю АПК. На другім у Сочы будуць гаварыць наконт прамысловай палітыкі.

Вячаслаў Драгун, намеснік міністра гандлю Беларусі: "Будуць прадстаўленыя больш за 58 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі ў асобе губернатараў, віцэ-губернатараў. Бізнес-світа заўсёды суправаджае чыноўнікаў высокага рангу і такая магчымасць выпадае не так часта. Наш вытворца зацікаўлены ў тым, каб трапіць, абмеркаваць нейкія праблемныя пытанні, знайсці партнёраў і вярнуцца на радзіму ўжо з канкрэтнымі кантрактамі".

Сёння ў Расіі працуе больш за тысячу сумесных беларуска-расійскіх прадпрыемстваў, у тым ліку 60 зборачных вытворчасцяў. Узаемнымі пастаўкамі звязаныя 8 тысяч прадпрыемстваў. У галіне прамысловай палітыкі дзейнічае каля 20 міжурадавых пагадненняў. Пасля форуму ў Сочы гэты пакет папоўніцца новымі пагадненнямі.

Вячаслаў Брыль, намеснік старшыні Беларускай гандлёва-прамысловай палаты: "Будзе падпісана каля 6 пагадненняў паміж урадам Рэспублікі Беларусь і рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, каля 19 міжрэгіянальных пагадненняў і каля 100 кантрактаў паміж суб'ектамі гаспадарання".

Размова ў Сочы таксама пойдзе і наконт адкрыцця дылерскіх цэнтраў і выпуску сумеснага прадукту на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза і за яго межы. У сучасных умовах, калі сусветная нестабільнасць моцна б'е па вытворцах, трэба шукаць новыя напрамкі супрацоўніцтва і ўзаемаразлікаў.

Беларусь прывязе ў Сочы свае лепшыя тавары, прычым, не толькі прамысловых і малочных гігантаў, але і малавядомыя на расійскім рынку маркі. Прадукты харчавання і тэкстыль будзем не толькі паказваць, але і прадаваць на кірмашы.

Міхаіл Мясніковіч, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі: "Мы можам падпісаць камерцыйных кантрактаў, гандлёва-эканамічных кантрактаў на экспарт беларускай прадукцыі як мінімум на 100 мільёнаў долараў".

Форум менавіта рэгіянальнага ўзроўню - агульнаеўрапейскі і сусветны трэнд. Часцей менавіта рэгіёны праяўляюць актыўнасць і наладжваюць устойлівыя сувязі з суседзямі ў іншых дзяржавах.