Турнір па кулявой стральбе перайшоў за экватар

26 июня 2019

Усяго засталіся тры дні, падчас якіх будуць разыгрывацца медалі II Еўрапейскіх гульняў. Наш карэспандэнт Станіслаў Ліпскі літаральна пасяліўся ў стралковым ціры ў чаканні ўзнагарод. Ён на прамой сувязі з нашай студыяй. 

Літаральна гадзіну таму завяршылася кваліфікацыя ў жаночым турніры па стральбе з малакалібернага пісталета на дыстанцыі 25 метраў. Адборачны этап доўжыўся два дні і, на жаль, ні Кацярына Кручанок, ні Вікторыя Чайка не здолелі прабіцца ў фінальную васьмёрку. Вынік Кацярыны - 566 балаў і 27 радок у пратаколе. Вікторыя заняла выніковае 21 месца  з  574 ачкамі.

Пераключаем увагу на мужчын-стралкоў. У стральбе з малакалібернай вінтоўкі з трох становішчаў у гэтыя хвіліны яны змагаюцца за траплянне ў топ-8,  гэта значыць, за алімпійскую ліцэнзію. Тут пакуль шанцы на фінал большыя ў Юрыя Шчарбацэвіча, чым у Віталя Бубновіча. Чакаем вынік кваліфікацыі.

Пакуль ідуць спаборніцтвы, папрашу рэжысёраў паставіць фрагмент інтэрв'ю з алімпійскай чэмпіёнкай з Грузіі Ніко Салуквадзэ, якая заўчора выйграла бронзу II Еўрапейскіх гульняў у дуэце са сваім сынам  Цотнэ Мачаварыяні. Упершыню ў гісторыі кулявой стральбы мама і сын заваявалі  медаль у міксце.

У спаборніцтвах па стральбе  з лука ў асабістым першынстве перажывалі  за дзвюх  нашых Карын - Казлоўскую і Дзёмінскую. У спарткомплексе "Алімпійскі" дзяўчыны выступілі годна, саступіўшы толькі ў чвэрцьфінале, крыху  не хапіла нам да медалёў. Дзёмінская прайграла ў перастрэлцы прадстаўніцы Нідэрланд Габрыэле Баярда. Лучыла Баары з Італіі 6:2 - мацнейшая за  Карыну Казлоўскую.