У новы год з новымі арыенцірамі

3 января 2018

Указы аб сацыяльна-эканамічным развіцці і асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі падпісаў Прэзідэнт. У дакументах - прагнозы развіцця краіны ў лічбах. А фактычна тыя арыенціры, на якія павінны раўняцца ўсе галіны, каб забяспечыць эфектыўнасць працы, а ў выніку і рост дабрабыту беларусаў. Якія задачы пастаўлены Кабінету міністраў і Нацыянальнаму банку? Вольга Анішчанка вывучыла дакументы.

Пад заслону года па традыцыі беларуская эканоміка ў цэлым і дзяржкіраўнікі ў прыватнасці атрымліваюць найважнейшае заданне на год наперад. Па сутнасці, стратэгічны план будучага развіцця краіны. І ён выразна прапісаны на паперы. У найважнейшых эканамічных індыкатарах - агульны рост эканомікі (пад’ём у 3,5 % - такі арыенцір для ВУП), нарошчванне экспарту (плюс амаль 6 працэнтных пунктаў), утрыманне інфляцыі (рост цэн у прагнозе на 2018-ы не перавысіць 6 %).

Эксперты згаджаюцца: задача не з лёгкіх. Але мінулы год вывеў беларускую эканоміку з рэцэсіі і стварыў трывалую базу для года цяперашняга. Чым не зачын для новага росту? Да таго ж знешняя кан'юнктура, відаць, паспрыяе агульнай макраэканамічнай устойлівасці, гавораць аналітыкі.

Асаблівая ўвага знешняму гандлю. Ажыўленне расійскай эканомікі летась адгукнулася прыкметным ростам экспарту для Беларусі. Тады па факце выйшла плюс 20 %. Зараз у планах больш стрымана - плюс амаль 6. Але надзеі ў новым, 2018-м, не толькі на расійскі рынак. Для ўстойлівасці эканомікі (пра гэта штогод гавораць ва ўрадзе) беларускаму тавару патрэбныя новыя рынкі. Наконт гэтага у вялікай размове аб выніках года ў "Галоўным навагоднім эфіры" скажа і беларускі прэм'ер.

У задачах развіцця на 2018-ы прапісаны і сацыяльны парадак дня. Галоўнае, каб дыстанцыя ў якасці жыцця ў розных рэгіёнах краіны не была прорвай. Стаўка галоўным чынам на стварэнне новых рабочых месцаў. Яны забяспечаць людзей і годнай зарплатай. Але рост даходаў павінен быць эканамічна абгрунтаваны. Урад забяспечыць гэтую формулу. Галоўным чынам падцягнуць бюджэтнікаў. На гэта Кабінет міністраў арыентуе і Прэзідэнт.

Асаблівыя задачы для Нацыянальнага банка. За ім уся грашова-крэдытная палітыка ў краіне. Цэнавая стабільнасць, рэгуляванне працэнтных ставак, далейшая дэдаларызацыя эканомікі. У аснове прынятых дакументаў курс на рост зберажэнняў у нацыянальнай валюце і агульную фінансавую стабільнасць на рынку.

У 2018-м чаканні росту эканомікі звязваюць таксама з малым і сярэднім бізнесам, бо год стане часам укаранення важных заканадаўчых рашэнняў для прадпрымальнікаў, прынятых у 2017-м.

Свая справа, як чакаецца, аб'яднае тысячы беларусаў і стане важкім укладам у агульнае развіццё эканомікі. Адчуць сябе на новай бізнес-хвалі прадпрымальніку абяцана ўжо ў першай палове года.