Сёлета ў Гродзенскай вобласці чакаюць рэкордны ўраджай

2 августа 2017

Расказвае Юрый Карняловіч.

Сёлета ў Гродзенскай вобласці чакаюць рэкордны ўраджай. Аграрыі рэгіёна плануюць намалаціць больш як паўтара мільёна тон збожжа. А гэта прыкладна на 20% больш чым у 2016-м.

Па тэмпах рэгіён пакуль не ў перадавых, затое традыцыйна ў лідарах па ўраджайнасці. 44 цэнтнеры з гектара - гэта лепшы паказчык у краіне. Свій уклад у агульны каравай, несумнеўна, уносіць і сямейны экіпаж механізатараў Куцабаў. Бацька з сынам не першы год разам удзельнічаюць у жніве і заўсёды толькі на лідарскіх пазіцыях.

У гэтай гаспадарцы кожны колас на вагу золата. Каб убраць хутка і без страт, збожжа з поля вязуць, не чакаючы мінімальнай вільготнасці. Да патрэбнай кандыцыі яго даводзяць на зернесушыльных комплексах. Аб беражлівым стаўленні да хлеба гаварылі сёння і падчас селектарнай нарады. Гродзенская вобласць павінна быць прыкладам.

Каб трымаць гэтую планку, неабходна ўхіліць нават невялікія недапрацоўкі. Парк камбайнаў сёння гатовы на 98%. Існуе і дэфіцыт механізатараў. Штогод у гаспадарках вакантнымі застаюцца парадку 350 месцаў. На падмогу аграрыям прыходзяць спецыялісты розных арганізацый з горада і раённых цэнтраў.

Убіраюць дружна не толькі зерневыя, але і рапс, кукурузу, цукровы бурак. Рапсу плануюць сабраць на 30 тысяч тон больш, чым летась. А цукровага бураку ў рэгіёне ўпершыню плануюць сабраць 1 мільён 700 тысяч тон - тут залішняя вільгаць апынулася вельмі дарэчы.

На завяршэнне ўборкі гаспадаркам Гродзенскай вобласці спатрэбяцца тры тыдні. Гэта аптымальныя тэрміны, каб сабраць ураджай без страт.