У Брэсцкай вобласці ўборачная пачалася адной з першых

2 августа 2017

Самы паўднёвы абласны цэнтр краіны і рэгіён, дзе ўборачная пачалася адной з першых. Брэсцкая вобласць свой рэкордны ўраджай сабрала ў 2014-м - амаль паўтара мільёна тон зерневых. Укладанне ў рэспубліканскі каравай летась - больш як 17 працэнтаў.

Расказвае Вікторыя Патоня.

У Брэсцкай вобласці ўжо намалочана 400 тысяч тон хлеба. Больш дакладна, убраная трэць палёў. Наогул, сёлета аграрыі рэгіёна плануюць сабраць 1 мільён 200 тысяч тон збожжа.

"Белавежскі" - у ліку найбуйнейшых аграпрадпрыемстваў краіны. У разгар уборкі на палях задзейнічана 36 камбайнаў. Трэць экіпажаў - сямейныя. Тут такая традыцыя! Для атрымання добрага ўраджаю выкарыстоўваюць толькі элітнае насенне. Кожны колас - як з малюначка, наліўны. Першыя тысячнікі невыпадкова з'явіліся менавіта тут.

Нарыхтоўка кармоў у рэгіёне - зараз не менш актуальная тэма. Тут свае нюансы. На жаль, у некаторых гаспадарках травы закладваюць у курганы. Да прыкладу, у ААТ "Навасёлкаўскі" палова кармоў так закансерваваная на зіму. А гэта - парушэнне тэхналогіі, пагаршэнне якасці сенажу.

А адмовіцца ад буртоў Кіраўнік дзяржавы даручаў яшчэ ў 2014-м. На жаль, і сёння падчас селектарнай нарады яму прыйшлося вярнуцца да гэтага пытання.

Праблемы АПК павінны вырашаць на месцах. Пытанні, якія патрабуюць аператыўнасці, зараз старшыні райвыканкамаў могуць вырашаць самастойна. Іх паўнамоцтвы на час уборачнай пашырыў Кіраўнік дзяржавы.

Уборку зерневых у Брэсцкай вобласці плануюць завяршыць праз 10-12 дзён. А ўжо зараз паралельна ідзе падрыхтоўка да восеньскай пасяўной кампаніі. Праз лічаныя дні ў палі выйдзе тэхніка, каб сеяць рапс.