У Кітайска-беларускім парку "Вялікі камень" з'явіцца бізнес-інкубатар

29 ноября 2016

Ён стане пляцоўкай для вырошчвання моладзевых інавацыйных кампаній. Пачаць сваю справу дазволяць нават з узроўню стартапа. Маладым прадпрымальнікам дадуць бізнес-плошчы для працы, акажуць тэхнічную дапамогу. А інавацыйны фонд, які ствараецца ў рамках індустрыяльнага парка, падтрымае лепшыя ідэі грашыма. Акрамя таго, кампаніі атрымаюць асабістых кансультантаў. Яны будуць курыраваць працэс выхаду прадпрыемстваў на рынак. Зараз кіраўніцтва Кітайска-беларускага парка праводзіць перамовы ў Мінску аб развіцці праекта.

Сюй Баамінь, намеснік гендырэктара кампаніі па развіцці індустрыяльнага парка:

"У Беларусі вельмі шмат годных навуковых распрацовак. І мы хацелі б скарыстацца гэтым патэнцыялам і на пляцоўцы індустрыяльнага парка "Вялікі камень" вырасціць высокатэхналагічныя паспяховыя прадпрыемствы. А не толькі прыцягваць ужо гатовыя кампаніі. У бізнес-інкубатары ў будучыні могуць быць прадстаўленыя розныя галіны эканомікі, галоўная ўмова - гэта павінен быць інавацыйны бізнес".

Маладыя навукоўцы Беларусі і Кітая ў найбліжэйшыя гады плануюць прапанаваць больш як 20 сумесных праектаў у навуковай сферы.