У Беларусі прадоўжылі дадатковыя меры па забеспячэнні стабільнай працы эканомікі

21 октября 2023

У Беларусі ўказам Прэзідэнта прадоўжылі дадатковыя меры па забеспячэнні стабільнай працы эканомікі. Адны з іх датычацца асобных арганізацый рэальнага сектара, дзе ў долі або ў нерухомасці ёсць замежны капітал з недружалюбных нам краін.

Закрыць свой бізнес у Беларусі такім кампаніям можна будзе толькі з дазволу ўрада і заплаціўшы ў мясцовы бюджэт не менш за чвэрць ад рыначнага кошту маёмасці або акцый. Увесь механізм пакрокава прапішуць у пастанове Саўміна. Як запэўніваюць у Міністэрстве эканомікі, такі крок важны для кантролю і парадку на рынку.

Такая норма працуе ўжо паўтара года ў Расіі. Пры гэтым, як падкрэслілі ў Мінэканомікі, калі кампанія з замежным капіталам хоча застацца і працаваць на рынку Беларусі (нават нягледзячы на складанасці ў пастаўках сыравіны або камплектуючых з-за санкцый), мы гатовыя дапамагчы перафарматаваць вытворчасць, захаваць рабочыя месцы і аднавіць выпуск прадукцыі.