У Беларусі практычна завершана сяўба ранніх яравых культур

4 мая 2018

Работы зараз ідуць на апошніх гектарах у Віцебскай вобласці. Завершана сяўба цукровых буракоў. Засеяны па краіне і дзве траціны плошчаў, аддадзеных пад кукурузу. Паралельна займаюцца пасадкай агародніны. У Гродзенскай вобласці поўнасцю завяршыць пасяўную кампанію плануюць ужо праз два тыдні.

Юрый Карняловіч з падрабязнасцямі. Для механізатара Мячыслава Алізара цяперашняя пасяўная ўжо трыццатая па ліку. Вопытнага спецыяліста паставілі на самы складаны ўчастак. Пасадка бульбы патрабуе ад трактарыста максімальнай канцэнтрацыі: хуткасць павінна быць аднолькавай, а рухацца неабходна строга па зададзенай траекторыі. Галоўнае - каб тэхніка не падвяла, тады і тэмпы палявых работ будуць выкананыя.

У гэтай гаспадарцы бульба - традыцыйная культура апрацоўкі. Праўда, плошчы яе не такія вялікія, як яшчэ 10 гадоў таму, але затое ўвесь ураджай даходзіць да свайго спажыўца. Дарэчы, бульбу тут культывуюць выключна беларускай селекцыі.

Каб займацца бульбай, сцвярджаюць аграрыі, неабходна як мінімум сучаснае сховішча для агародніны. У гэтай гаспадарцы яно ёсць. Тут пэўны мікраклімат: пастаянная тэмпература і вільготнасць падтрымліваюцца аўтаматычна. У выніку ўраджай бульбы можа захоўвацца больш чым год.

У Мастоўскім раёне пасадку бульбы завершаць за найбліжэйшыя два-тры дні. Да экватара падыходзіць і сяўба кукурузы. Каб завяршыць вясеннія палявыя работы за аптымальныя тэрміны, на палі вывелі ўсю тэхніку.

Каб своечасова завяршыць пасяўную, аграрыі выкарыстоўваюць кожны пагодлівы дзень. Працуюць у палях з раніцы і да позняга вечара. У такім рэжыме галоўная задача - стварыць усе ўмовы для механізатараў.

У Гродзенскай вобласці поўнасцю завяршыць пасяўную кампанію плануюць максімум праз два тыдні. Праўда, адпачыць у аграрыяў не атрымаецца, на падыходзе першы ўкос травы. Цёплае і вільготнае надвор'е, паводле ацэнкі спецыялістаў, дазволіць вывесці кормаўборачную тэхніку на лугі ўжо ў найбліжэйшыя дні.