Уборачная ў цэнтральным рэгіёне - на фінішнай прамой

19 августа 2016

Большасць палёў не толькі ўбраная, але і падрыхтаваная да сяўбы. Засталіся толькі ўчасткі ў нізіне, але да канца тыдня ўборачная будзе завершаная. Антаніна Станкевіч убачыла, як змагаюцца аграрыі за кожны каласок.

Малады, але даволі вопытны механізатар Яўген Кутузаў, нягледзячы на агульную стомленасць (уборачная-2016 давалася як ніколі цяжка), з падвойным энтузіязмам убірае апошняе поле. Аднак атрымліваецца далёка не так хутка, як хацелася б.

Мінулы год дазволіў аграрыям засеяць тыя ўчасткі, якія раней не мелі магчымасці. Аднак з-за вялікай вільготнасці (увесь месяц ішлі дажджы) падступіцца да іх сёння вельмі складана.

Для таго каб усё ж такі падступіцца да палёў, аграрыі выкарыстоўваюць пэўныя тэхнічныя асаблівасці. Спараныя колы, больш лёгкая тэхніка - тым больш што на гэтым полі нядрэнная ўраджайнасць. 40 цэнтнераў з гектара - па папярэдніх разліках - для Мядзельшчыны гэта выдатны паказчык.

Такая цяжкая ўборачная кампанія - сапраўдны ўрок для цэнтральнага рэгіёна. На наступны год у вобласці плануюць закупіць тэхніку на гусенічным хаду - па два-тры камбайны ў кожны раён. Гэта дазволіць падступіцца да нізінных палёў і ўбіраць іх больш хутка і якасна.

У цэлым жа аграрыі цэнтральнага рэгіёна ўжо ўбралі 97% палёў. Агульная колькасць збожжа, па папярэдніх разліках, складзе прыкладна 1 мільён 800 тон. Да ўзроўню мінулага года не дацягнулі з-за ўраганаў: частку збожжавых яшчэ на стадыі васковай спеласці ўбралі на корм. Аднак з улікам кукурузы - яна сёлета ўрадзіла проста на зайздрасць - збяруць дакладна не меншы ўраджай, чым летась.