Уборачная кампанія - 2018. Аграрыі краіны наблізіліся да 2,5 мільёна тон намалочанага збожжа

31 июля 2018

Уборачная кампанія ў Беларусі працягваецца. Убрана амаль два з паловай мільёны тон збожжа. У лідарах па-ранейшаму Брэсцкая вобласць. Там убрана звыш 70 % плошчаў і намалочана амаль 700 000 тон збожжа. Усход краіны ўключыўся ў кампанію пазней за ўсіх - усяму віной двухтыднёвая непагадзь. Як вынік - у Магілёўскай вобласці ўбрана на раніцу крыху больш за 11 % плошчаў. Але яснае надвор'е абяцаюць сіноптыкі ўвесь тыдзень, а значыць, ёсць шанц нагнаць тэмпы. Апошнія навіны - у рэпартажы Андрэя Ястрабава.

Сямейны дуэт Дзям’янавых на ўборачнай не першы раз. Сяргей калісьці на рэспубліканскіх "Дажынках" нават аўтамабіль атрымаў. Сын пайшоў, як гавораць, па слядах бацькі. Паступіў у Сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, і пакуль ёсць час, таксама за штурвал. Маці, вядома, прыходзіцца дома спраўляцца адной. Але што зробіш. Дарэчы, памочнік камбайнёра ўжо ведае, на што выдаткуе будучую зарплату.

Сямейныя экіпажы - гэта ўжо тэндэнцыя ўборачнай. Вось і два Анатолі Сіманьковых. Старэйшы аддаў роднай гаспадарцы 45 гадоў службы, ужо пенсіянер. У цішыні б адпачываць, але, гаворыць, шум камбайнаў мілейшы.

Сёння лаўры лідара ўборачнай дасталіся Віталю Цемруку. Дарэчы, у гаспадарцы нядаўна. Пераехаў з горада. 1300 тон на перавозцы збожжа - зараз у яго адзін з лепшых паказчыкаў у Магілёўскай вобласці.

З раніцы - уборка трыцікале, затым - на ячмень. Вядома, гавораць у гаспадарцы, змены не па 8 гадзін. Усё ж тэмп трэба набіраць.

Больш за 3,5 % плошчаў за дзень - менавіта такі тэмп ўборачнай зараз на ўсходзе краіны. Можна сказаць, для рэгіёна першы паўнавартасны тыдзень жніва. Уся тэхніка ў полі.

Да 30 га за дзень здольны ўбраць адзін такі камбайн. Зараз тут, у полі, працуе адразу 10 машын. Гэта значыць, 2-3 палі за змену яны цалкам гатовыя прайсці.

Дапамагаюць у палях аграрыям і вайскоўцы. Спецыяльныя аўтамабільныя падраздзяленні задзейнічаныя на перавозцы збожжа. У Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай абласцях. Больш за 100 вайскоўцаў. Гэта і вадзіцелі, і тэхніка - у агульнай складанасці 60 аўтамабіляў.

Мабыць, адзінае, што ў важнасці не саступае жніву, - гэта захаванасць тэхнікі і ўраджаю. У адпрацоўцы МУС зараз усе гаспадаркі без выключэння. У кожным райцэнтры мабільныя групы інспектуюць мехдвары, ангары. У Магілёўскай вобласці абследавана амаль 11 000 адзінак тэхнікі.

Але пад кантролем уборачная не толькі на зямлі, але і з паветра. Губернатар Віцебскай вобласці сёння перасеў у верталёт мясцовага аэраклуба, каб у паветры ацаніць маштабы кампаніі. Лёзненскі, Аршанскі, Дубровенскі раёны. З вышыні птушынага палёту і ўборка, і ўзворванне, і нарыхтоўка саломы - як на далоні.

Сёння аграрыі краіны ўжо наблізіліся да 2,5 мільёна тон намалочанага збожжа. Ніякіх сумненняў - з хлебам абавязкова будзем.