Торфаздабыўная і газавая прамысловасць Беларусі адкрывае перад сабой новыя гарызонты

31 августа 2023

Канец лета ў Беларусі - гэта не толькі фінал жніва і падрыхтоўка да "Дажынак". У гэты час падводзіць вынікі і торфаздабыўная галіна краіны. Ужо здабыта 2 млн т торфу, з якога, дарэчы, вырабляюць як паліўныя брыкеты, так і каштоўныя грунты для вырошчвання ягад і грыбоў.

Да свайго прафесійнага свята (3 верасня - Дзень работнікаў нафтавай, газавай і паліўнай прамысловасці) энергетыкі падышлі і з новымі кантрактамі. Ужо другі чыгуначны састаў торфапрадукцыі адправіцца ў Кітай, а, напрыклад, у Смаленскай вобласці Расіі нашы спецыялісты дапамагаюць у газіфікацыі. Ёсць добрыя навіны ад беларускіх нафтавікоў - новы паклад вуглевадародаў выявілі ў Рэчыцкім раёне. Больш падрабязна раскажа Аляксей Кандраценка. 

Для торфабрыкетнага завода "Беразоўскае" летняя спякота пайшла толькі на карысць. Гарачыя плюс 30 былі дарэчы: здабылі больш чым 65 тыс. т торфу. Асноўны аб'ём перапрацоўваюць для рэгіёнаў краіны, бонусы івацэвіцкія прамыслоўцы атрымліваюць і на знешніх пастаўках.

"Паліўныя брыкеты - гэта сушаны торф. Тое, што застаецца, ідзе на экспарт. Гэта каля 15 % ад вытворчасці. У Брэсцкай вобласці акрамя нас ёсць яшчэ завод у Ляхавічах, таксама торфапрадпрыемства "Глінка", вобласць дастаткова багатая", - адзначыў дырэктар ТВУ "Беразоўскае" УП "Брэстаблгаз" Віктар Голуб.

Вось ужо амаль год частку тарфянога радовішча выкарыстоўваюць у вытворчасці покрыўных матэрыялаў для вырошчвання шампіньёнаў. Новы праект "Беразоўскага" з нашымі бізнесменамі высокарэнтабельны. У планах вырабіць 25 тыс. т сумесяў.

Грыбы ў такім грунце растуць, можа, і не як пасля дажджу, але таксама вельмі актыўна. Тэхналогія змагла замяніць імпартныя матэрыялы. Удалы вопыт зацікавіў грыбнікоў не толькі з нашай краіны.

Як у торфаздабыўнай, так і газавай прамысловасці ўсёй структуры "Белпалівагаз" сёлета новыя эканамічныя гарызонты. Прычым гэта не толькі экспарт прадукцыі, але і кантракты на інжынерна-тэхнічныя і будаўнічыя паслугі.

У Беларусі аб'ёмы спажывання прыроднага газу скарачаюцца. Асноўны фактар, які ўплывае на такі трэнд, - актывізацыя работы Беларускай атамнай электрастанцыі.

"З моманту ўключэння атамнай электрастанцыі ўжо выраблена 18,5 млрд кВт⋅г электрычнай энергіі. Гэты аб'ём будзе штогод генеравацца, што будзе дазваляць замяшчаць прыродны газ у аб'ёме ад 4,5 да 5 млрд куб. м", - сказаў міністр энергетыкі Рэспублікі Беларусь Віктар Каранкевіч.

Сярод задач газавай галіны і далейшыя працэсы яе лічбавізацыі. Для гэтага ў Віцебску працуе новае падраздзяленне "АйЦіГаз". Дзіджытал фактар - гэта не толькі імпартазамяшчэнне праграмнага забеспячэння ўсіх газаразмеркавальных працэсаў, але і бяспека. У тым ліку і фінансавая.