Цёплы сакавік дазволіў раней прыступіць да пасяўной

12 марта 2014
У Брэсцкай вобласці поўным ходам ідуць палявыя работы ва ўсіх раёнах. Тэхніка ў рэжыме 100%-й гатовасці.

Пра планы на ўраджай у аграрыяў самага паўднёвага рэгіёну Беларусі - рэпартаж Вікторыі Патоні.

СГК Хаціслаўскі мае самы вялікі аб'ём пасяўных плошчаў у Маларыцкім раёне. Таму не дзіўна, што менавіта тут аграрыі першымі прыступілі да сяўбы ранняй ярыны і кармавых культур. За лічаныя дні эстафету падхапілі і астатнія гаспадаркі раёна.

Для механізатара Уладзіміра Яўтушыка гэта ўжо дваццатая рабочая вясна. Да сельгастэхнікі трактарыст неабыякавы з дзяцінства. Прыкладам заўсёды быў бацька. Ужо ў зусім юным узросце Уладзімір зразумеў, наколькі цяжкая праца на зямлі і колькі трэба сіл, каб сабраць добры ўраджай.

Сёлета прырода добразычлівая да аграрыяў. Дзякуючы амаль бясснежнай зіме добра перазімавалі зімавыя. А цёплы сакавік дазволіў пачаць пасяўную на некалькі тыдняў раней за звычайнае.

Андрэй Курдзюк, галоўны аграном СГК Хаціслаўскі: У нашай гаспадарцы больш стаўка робіцца на зімавыя збожжавыя культуры, яны большы даюць ураджай. І з ярыны гэта - яравы трэцікалій. Спеласць глебы дазваляе, вільгаць ёсць, трэба яе лавіць. Таму што ў нас у асноўным пяскі, і яна хутка сыходзіць.

Паўднёвыя рэгіёны краіны задаюць тэмп у пасяўной. Угнойваюць глебу, сеюць авёс, ячмень, зернебабовыя і шматгадовыя травы. Аграрыі ўпэўненыя: зараз самы час для закладкі новага ўраджаю.

Аляксей Трацюк, першы намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама: На сённяшнім этапе гэта аптымальныя ўмовы. Як бачыце, пачатак сакавіка. Мы можам у некалькі больш спакойным рэжыме, але захоўваючы якасць, тэхналогію, за кошт гэтых фактараў, я лічу, мы зможам дадаць у прадуктыўнасці.

Спецыялісты пакуль не спяшаюцца рабіць прагнозы на ўраджай, гавораць, рана. Галоўнае зараз - спрацаваць на вынік.