Сутнасць праекта "Вёска будучыні" - забяспечыць людзям годную занятасць і стварыць інфраструктуру гарадскога жыцця

4 апреля 2018

Адна з задач, пастаўленых на вялікай нарадзе з аграрыямі, новыя сацыяльныя стандарты для сяла. У невялікіх гарадках, пасёлках і вёсках жыццё павінна быць такім жа камфортным, як і ў вялікіх гарадах. Прэзідэнт даручыў ураду выпрацаваць дзейсны механізм стварэння так званай вёскі будучыні. Канцэпцыя прадугледжвае запатрабаванасць рабочых рук і гарантаваны даход, эфектыўнае выкарыстанне пустуючага жылля, стварэнне транспартнай інфраструктуры і паўнавартаснае сацыяльнае абслугоўванне. Асновай ўвасаблення ідэі павінны стаць ініцыятыўныя людзі, якія хочуць працаваць на зямлі і зарабляць. Зараз у краіне амаль 1,5 тысячы аграгарадкоў. У адзін з іх на поўдзень краіны адправілася Надзея Сербіненка.

Аграгарадок Астрамечава хоць і невялікі, але з багатай гісторыяй. Два гады таму тут адзначылі 500 гадоў з першага пісьмовага згадвання гэтага мястэчка. У пачатку XX стагоддзя тут працавала адна з першых народных бібліятэк-чытальняў Беларусі. Тут, на Палессе, заўсёды былі развітыя і народныя рамёствы. Выдатныя майстры па саломцы, кераміцы, вышыўцы, ткацтве перадаюць свой вопыт моладзі і сёння.

Захаваць сувязь з вытокамі, пры гэтым мець усе даброты сучаснага жыцця. Такой бачаць першую вёску будучыні брэсцкія горадабудаўнікі. Пляцоўкай для рэалізацыі амбіцыйнага праекта выбрана як раз Астрамечава. Зараз у аграгарадку жыве каля 2 тысяч чалавек. Большасць мясцовых працуюць у аднайменнай гаспадарцы. Разводзяць племянную малочную жывёлу, ёсць свае ворныя землі, яблыневыя сады, паспяхова працуе і футравая вытворчасць. Тут шыюць нават норкавыя футры. Для невялікага мястэчка мець свой футравы салон - вялікая рэдкасць.

У Астрамечаве ёсць яшчэ адно незвычайнае месца для наведвання. Гэта магазін футра. Тут ёсць свая зверагаспадарка, дзе разводзяць норку і робяць футры. Норка з брэсцкага раёна адрозніваецца асаблівай мяккасцю і бляскам.

Сваю канцэпцыю "Вёскі будучыні" брэсцкія архітэктары распрацавалі па даручэнні Кіраўніка дзяржавы. Такі праект ужо рэалізаваны ў Аршанскім раёне. Там эксперыментальнай пляцоўкай стаў населены пункт Копысь. У цэлым па краіне ўжо вызначаны населеныя пункты, якія будуць узорам камфортнага загараднага жыцця, дзе людзям даступныя ўсе сацыяльныя даброты не горшыя за гарадскія.

Якасная медыцына, адукацыя, магчымасць займацца спортам, і, вядома, працаваць і годна зарабляць. А як бонус - уласны дом, прысядзібны ўчастак. У вёсцы будучыні павінны працаваць новыя, самыя высокія сацыяльныя стандарты. На гэтым зрабіў акцэнт Кіраўнік дзяржавы напярэдадні на рэспубліканскім семінары-нарадзе аб развіцці сяла.

Сутнасць праекта "Вёска будучыні" - забяспечыць людзям годную занятасць і стварыць інфраструктуру гарадскога жыцця, захоўваючы вясковы ўклад і традыцыі. Створаны брэсцкімі спецыялістамі праект-канцэпцыя прадугледжвае фарміраванне цэлага экакластара з цэнтрам у мястэчку Астрамечава.

Згодна з канцэпцыяй, кожны жыхар вёскі павінен займацца працай па душы. Рамеснікі - працаваць з турыстамі ў музеях народных рамёстваў. Таленавітыя кухары змогуць адкрыць кафэ з аўтэнтычнымі стравамі, а фермеры - крамы з экалагічна чыстай прадукцыяй. Дарэчы, развіваць прадпрымальніцкія навыкі ў мястэчку ўжо пачалі. Нядаўна тут пачаў працаваць Цэнтр падтрымкі ініцыятыў жанчын.

Іна Дзячак, старшыня Лышчыцкага сельсавета: "Было праведзена 6 трэнінгаў па навучанні жанчын бізнесу і больш за 20 майстар-класаў па навучанні рамяству, каб была самазанятасць жанчыны і гэта прыносіла ёй даход".

У цэлым у Брэсцкім рэгіёне фермерства - даволі папулярны від заробку. Людзі пачынаюць свой бізнес на зямлі з нуля і не баяцца цяжкасцей. Андрэй Кухарчук разам з мамай і сястрой ужо больш за 10 гадоў займаецца вырошчваннем кветак. Фермерская гаспадарка пастаўляе садовыя расліны, кусты не толькі на брэсцкі рынак, але і ў буйныя гандлёвыя сеткі Мінска.

Умацаваць сяло, забяспечыць аграрны сектар кваліфікаванымі кадрамі і спыніць адток насельніцтва ў горад - усё гэта магчыма толькі з павышэннем якасці жыцця ў невялікіх населеных пунктах. Як раз для гэтага і ствараецца праект "Вёска будучыні", каб у самы найбліжэйшы час жыццё ў беларускай глыбінцы па магчымасцях і камфорту не саступала гарадскому.