Сумесны тавараабарот з Расіяй будуць развіваць за кошт рэгіянальнага супрацоўніцтва

4 июля 2013
Паводле апошніх звестак, самая вялікая доля прыпадае менавіта на пастаўкі сельскагаспадарчай тэхнікі. Усё лагічна - нашы камбайны выдатна зарэкамендавалі сябе на беларускіх палях, зараз чарга заваяваць расійскія. Сёння менеджары гомельскага прадпрыемства перадалі на баланс Бранскай вобласці 10 камбайнаў.
Падрабязней - Віталь Краснабаеў.
Ключы ад новых машын кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў прымаюць, не хаваючы эмоцый. Пра тэхніку шмат чулі - зараз трэба правесці першыя выпрабаванні. Расійскім аграрыям ёсць з чым параўноўваць.
Гэтыя дзесяць машын пойдуць у чатыры раёны Бранскай вобласці. Тэхніка паступае туды ў рамках абласной праграмы па пераабсталяванні АПК. Згодна з ёй, 20% кошту аплачвае бюджэт Бранскай вобласці. Астатнія 80% - лізінг па выгаднай схеме. Растэрміноўка разлічана на 8-10 гадоў. І плаціць яе расійскія аграрыі пачнуць толькі пасля збору ўраджаю.
Ад Амура да Бранска сумесная беларуска-расійская тэхніка сёння працуе па ўсёй Расіі. І гэты праект, як прыклад, і нават узор вытворчай інтэграцыі.
Сёння Беларусь для Бранскай вобласці - вядучы эканамічны партнёр. Знешнегандлёвы абарот летась склаў без малога мільярд долараў. І ў бакоў яшчэ вялікі патэнцыял для супрацоўніцтва.