Саўгас-камбінат "Зара" некалькі гадоў запар з'яўляецца сярод лепшых на рэспубліканскай дошцы пашаны

1 июля 2015

Сёлета ўказам Кіраўніка дзяржавы там з'явяцца 62 лідары ў розных сферах. Адкрыццё прымеркавана да святочных мерапрыемстваў у нашай краіне. Сакрэт поспеху ў рэпартажы Вольгі Халадовіч.

Дысцыпліна працы, найноўшыя тэхналогіі і добрая маркетынгавая палітыка. Гэта тры кіты, на якіх трымаецца прадпрыемства. Саўгас-камбінат "Зара " - адзін з самых буйных у Мазырскім раёне. Развівае адразу некалькі галін. Тут вялізны фруктовы сад. Займаюцца раслінаводствам і жывёлагадоўляй.

Ад гадоўлі да рэалізацыі. На гэтым прадпрыемстве замкнёны цыкл вытворчасці. За змену тут перапрацоўваюць у сярэднім 10 тон мяса і рэалізуюць ужо гатовую прадукцыю.

У гэтым цэху выпускаюць каля 150 відаў прадукцыі, плюс малочная перапрацоўка. Малако, дарэчы, у "Зары" - толькі экстра-класа. Цяляты першыя дні свайго жыцця ўтрымліваюцца ў прафілакторыі, і толькі потым пераходзяць у цялятнік. У іх асаблівы рэжым харчвання і беспрывязнае ўтрыманне на глыбокім подсціле. Так жывёлы менш хварэюць, добра дадаюць у вазе і даюць больш малака.

Сёння ў саўгасе-камбінаце "Зара" працуюць амаль паўтары тысячы чалавек. На кожную вакансію - конкурс як у прэстыжныя ВНУ - па некалькі чалавек на месца.

Па выніках за 2014 год саўгас-камбінат "Зара" атрымаў права быць на рэспубліканскай дошцы пашаны. Ён адзін з лепшых сярод сельгаспрадпрыемстваў. А сярод раёнаў краіны - Мазырскі. На дошцы пашаны не першы раз, але заўсёды з выдатнымі паказчыкамі.

Паводле слоў палешукоў, прызнанне іх працы становіцца стымулам для кожнага працаваць яшчэ больш эфектыўна. Бо вытрымаць канкурэнцыю сярод лепшых дарагога каштуе.